wd wp Пошук:

Сядзібны дом Бабічаў

Сядзібны дом Бабічаў — сядзіба ў вёсцы Рамшына Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.

Гісторыя

У мінулым вёска Рамшына была падзелена на два паселішчы: Вялікае Рамшына і Малое Рамшына. У апошнім знаходзіўся радавы маёнтак Бабічаў — Насекіна.

У 1882 годзе ён перайшоў у спадчыну да Віктара Ігнатавіча Бабіча, які ажаніўся з Марфай Іванаўнай. У сям’і было двое дзяцей — сын Анатоль і дачка Вольга. Анатоль Віктаравіч атрымаў хатнюю адукацыю. У 1913—1916 гадах ён з’яўляўся земскім галосным Сенненскага павятовага сходу. Вольга Віктараўна скончыла медыцынскі інстытут і некаторы час працавала земскім урачом 4-га ўчастка Сенненскага павета. Асноўнай крыніцай даходаў для Бабічаў была карчма, якая прыносіла 150 рублёў у год.

У пачатку ХХ стагоддзя Бабічы ў маёнтку Насекіна пабудавалі сядзібны дом з цэглы ў класічным стылі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі маёнтак быў нацыяналізаваны. У 1928 годзе Бабічаў раскулачылі і саслалі ў Сібір. Вядома, што ў 1930-х гадах Анатоль Бабіч жыў у сяле Таборы Свярдлоўскай вобласці, працаваў конюхам у мясцовым леспрамгасе. У 1936 годзе рэпрэсаваны.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў сядзібным доме немцы абсталявалі шпіталь для параненых салдат. Пасля вызвалення Сенненшчыны ў будынку знаходзілася школа. Пачатковая школа працавала амаль да канца ХХ стагоддзя. Зараз тут падворак Маркава мужчынскага манастыра ў гонар Святой Троіцы.

Архітэктура

Дом мае выразныя раздзяленні на чатыры часткі. Фасад упрыгожаны плоскімі калонамі-пілястрамі і дэйтыкуламі (пад дахам). Ганак багата аздоблены калонамі з каменнымі ўпрыгожваннямі і фігурнымі карнізамі, над якімі ўзвышаецца атык у выглядзе мезаніна з шырокім балконам.

У цяперашні час балкон замураваны цэглай. Чатыры часткі фасада праразаюць восем акон прамавугольнага тыпу з фігурнымі карнізамі. Першапачаткова з тыльнага боку будынак меў драўляную галерэю і яшчэ адзін балкон. Недалёка ад будынка знаходзіўся жывапісны пруд, які зараз амаль знішчаны, і меўся сад.

Аб унутраным інтэр’еры дома гаварыць зараз нельга. Вядома толькі, што быў драўляны стол (сталешніца) і крэсла, якія зараз знаходзяцца ў Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі[1].

Зноскі

  1. Сядзібны дом Бабічаў. — Прыдзвінскі край, 30 верасня 2019. (бел.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Сядзібы Беларусі
Катэгорыя·Славутасці Сенненскага раёна
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Рамшына (Сенненскі раён)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·XX стагоддзе ў Беларусі