Сычу́г (abomasum) — частка страўніка жвачных (апошні 4-ы аддзел складанага 4-камернага страўніка жвачных жывёл), так званы залозісты страўнік.
Сычуг адпавядае простаму аднакамернаму страўніку большасці млекакормячых. Слізістая абалонка сычуга пакрыта прызматычным эпітэліем, утрымлівае фундальныя (дновыя), піларычныя і кардыяльныя залозы і ўтварае 13—14 доўгіх складак, якія павялічваюць паверхню. Мускульная абалонка сычуга ўтворана вонкавым падоўжным і ўнутраным колцавым пластамі.
У сычугу цялят, якія сілкуюцца малаком, выпрацоўваецца рэнін — стрававальны сычужны фермент, які расшчапляе пептыды. Вылучаны з сычугоў маладых цялят і ягнят, гэты фермент выкарыстоўваецца пры вырабе сыру.