У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пуціла. Сцяпан Аляксандравіч Пуціла (псеўд. Сцяпан Святлоў, нар. 27 ліпеня 1998 г. у Мінску) — беларускі журналіст, аўтар папулярных грамадска-палітычных каналаў у Беларусі з агульнай назвай «NEXTA»[1].
Сын журналіста Аляксандра Пуцілы, які раней працаваў спартыўным каментатарам Белтэлерадыёкампаніі, а пасля аглядальнікам спартыўных навін на тэлеканале «Белсат» у Польшчы[2].
Вучыўся ў Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы[3], пасля чаго скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, пазбаўлены афіцыйнага статусу навучальнай установы. Пра сваю альма-матар Сцяпан Пуціла сказаў[4]:
Для мяне асабіста Ліцэй – час пачаткаў. Там я пачаў здымаць першыя (не)сур’ёзныя відэа — старажылы абавязкова будуць памятаць супершоу «Банкі цягнуць»; пачаў займацца журналістыкай – выдаў нават некалькі нумароў культавай газеты «Трыкутнік»; пачаў займацца музыкай. Вынікам нашай з сябрамі працы сталі песні гурта NEXTA — «Выбора нет» ды «Феерверк». |
Атрымаў вядомасць па назве свайго Ютуб-канала, стаў адным з самых папулярных беларускіх грамадска-палітычных блогераў. У лютым 2018 года супраць Сцяпана Пуцілы спрабавалі завесці крымінальную справу паводле артыкула 368 КК РБ «Абраза прэзідэнта» за ролікі на YouTube, нібыта па скарзе невядомай грамадзянкі. З таго часу ён не наведвае Беларусь[5].
У сакавіку 2019 атрымаў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча[6].
Жыве ў Польшчы[7], дзе скончыў вучобу. З восені 2018 года вядзе праграму інфармацыйна-забаўляльную праграму «Суб’ектыў» на тэлеканале «Белсат»[8].
У 2020 годзе Пуціла разам з іншымі прадстаўнікамі беларускага дэмакратычнага руху атрымаў прэмію Сахарава[9].
Публічную дзейнасць пачаў у кастрычніку 2015 года, стварыўшы канал NEXTA на YouTube. Асноўны напрамак — «забаўляльны, інфармацыйны або музычны кантэнт»[10]. Найбольш папулярнае відэа — «Их ждёт смертная казнь» пра чарговы смяротны прысуд у Беларусі: 5,3 млн праглядаў[11]. Першае відэа — песня «Выбора нет», прымеркаваная да прэзідэнцкіх выбараў з заклікам да іх байкоту[12]. Спецслужбы амаль адразу ж зацікавіліся асобай блогера: прыходзілі, сярод іншага, у школу, высвятлялі, хто ён такі ды адкуль узяўся[13].
У 2017 годзе ўдзельнічаў у некалькіх акцыях пратэсту, у тым ліку ў родапачынальніку Маршаў недармаедаў — «Маршы абураных беларусаў» 17 лютага 2017 года, з якога вёў стрым-трансляцыю ў Periscope[ru]. Выпусціў некалькі відэаролікаў, прысвечаных пратэстам у Беларусі[13].
З восені 2018 года актыўна вядзе канал у Telegram[7]. Частка інфармацыі публікуецца ў дадатковым канале NEXTA Live, разлічаным на менш важныя навіны[14]. Аўдыторыя пашырылася ў тым ліку дзякуючы інсайдам з МУС Беларусі[15]. Былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч перад сваёй адстаўкай заявіў, што выкрыў крыніцы Telegram-канала NEXTA[16], аднак блогер гэтую заяву абвергнуў[17].
З верасня 2018 года робіць праграму «Суб’ектыў» для тэлеканала «Белсат»[18].