Сцяг Вялікага Княства Літоўскага — адзін з дзяржаўных сімвалаў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага разам з гербам і гімнам.
Упершыню вялікакняжацкі сцяга згадваецца ў хроніцы Віганда Марбургскага пад 1337 года, калі ў баі пад Баербургам камандзір стралкоў Тэўтонскага ордэна «падпальвальнай стралой запаліў сцяг і адразу пасля гэтага трапіў стралой Троцкаму каралю ідалапаклоннікаў у шыю паміж лапаткамі, і [той] памёр».
Польскі гісторык XV ст. Ян Длугаш у сваёй Хроніцы апісвае сцягі некалькіх дзясяткаў вялікалітоўскіх харугваў пад агульным камандаваннем вялікага князя Вітаўта, у тым ліку некалькіх яго асабістых, але нічога не паведамляе пра вялікую харугву агулам Вялікага Княства Літоўскага.
У 1578 годзе Аляксандр Гваньіні ўпершыню апісаў сцяг Вялікага Княства Літоўскага, ён быў зроблены з чырвонага шоўку і меў чатыры «хвасты». На галоўным баку, справа ад дрэўка, пад княжацкай каронай выяўлены рыцар на белым кані; на другім баку — выява Багародзіцы[1], якая лічылася заступніцай Княства. Пазней згадваецца, што рыцар быў вышыты на абодвух баках сцяга[2].
Захаваўся «каранацыйны» сцяг 1734 года. На каранацыі Аўгуста ІІІ 17 студзеня 1734 года ў саборы св. Станіслава ў Кракаве караля суправаджалі два «галоўныя сцягі» Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага. Сцяг Вялікага Княства Літоўскага ўяўляў сабой прамавугольнае палотнішча з чатырох палос сіне-чорнага шоўку. У цэнтры выяўлены герб з каляровага шоўку з вышыўкай залатымі і сярэбранымі ніткамі. Дрэўка з жалезным пазалочаным наканечнікам. Памеры 220×188 сантыметраў[3].
Чырвоны сцяг з белым вершнікам ужываўся да канца XVIII стагоддзя.
Апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764—1795) карыстаўся малінавым сцягам з двума «хвастамі» і выявай вершніка на галоўным баку і вензелем валадара — SAR (лац.: Stanislaus Augustus Rex) на другім боку. Такі самы вензель змяшчаўся на вяршыні дрэўка[2].[удакладніць: камент.]