wd wp Пошук:

Стральчатка трохзубец

Стральчатка трохзубец (Acronicta tridens) — матылёк з сямейства совак (Noctuidae). Распаўсюджаны па ўсёй Еўропе.

Біялагічнае апісанне

Пярэднія крылы буравата-шэрыя з чорнымі рыскамі. Заднія — у самца бялёсыя, у самкі — буравата-шэрыя. Размах крылаў да 40 мм. Матылёк вельмі падобны на Acronicta psi. Адрозніць іх можна ў большасці выпадкаў толькі з дапамогай аналізу геніталій. Аднак, звычайна, Acronicta psi цямней, заднія крылы ніколі не бываюць белымі, што часта ўласціва самцу Acronicta tridens. Вусень цёмна-шэры, з чырвона-жоўтай падоўжнай паласой на спінцы, якая перарываецца чорнымі папярочнымі лініямі, на баках чырвоныя і белыя плямы. На першым брушным сегменце зверху маецца кароткі спінны выраст, на 11-м — невялікі горбік. Цела пакрыта кароткімі валасінкамі. Даўжыня дарослага вусеня да 40 мм. Кукалка бурая, у лёгкім павуцінным кокане. На працягу года Acronicta tridens дае дзве генерацыі; першая шкодзіць у чэрвені — ліпені, другая — у жніўні — верасні. Сілкуецца многімі відамі раслін, сярод якіх неабходна адзначыць яблыню, грушу і ружу.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Соўкі
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без ITIS
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1775 годзе
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта