wd wp Пошук:

Старобінскае радовішча

Міхаіл Блішч. «Капры Салігорска», пачатак 1960-х

Старобінскае радовішча — адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калійных і каменнай солей, знаходзіцца ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Адкрыта ў 1949, распрацоўваецца з 1963 года.

Прымеркавана да паўночна-заходняй краявой часткі Прыпяцкага саляноснага басейна. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай фармацыяй. Сістэмай разломаў плошча радовішча падзелена на 3 тэктанічныя блокі: Заходні, Цэнтральны (1-, 2-, 3-е шахтавыя палі) і Усходні (4-е шахтавае поле). Па ўнутрысалявых гарызонтах радовішча ўяўляе сабой асіметрычную прыразломную сінкліналь субшыротнага распасцірання.

Саляносная тоўшча (магутнасць 50—800 м і больш) складзена з пачкаў карбанатна-гліністых парод (4—40 м) і каменнай солі (3—45 м). Развіты 4 калійныя гарызонты (I. II, III, IV), распрацоўваюцца I, II і III. II гарызонт (глыбіня залягання 368—700 м, магутнасць 1,4—2,9 м) уключае 2 сільвінітавыя слаі і прамежкавы слой каменнай солі. III гарызонт (глыбіня залягання 350—1100 м, магугнасць 2—28 м) складзены з 2 сільвінітавых (ніжні распрацоўваецца) і сярэдняга глініста-карналітавага пластоў.

Другое рудаўпраўленне

Калійныя солі бессульфатнага тыпу прадстаўлены мікра-, дробна- і сярэднезярністымі сільвінітамі. Маюць 23—29% хлорыстага калію, 0,1—0,2% хлорыстага магнію, 3,9—5,6% нерастваральных рэшткаў. Агульныя балансавыя запасы калійных солей па катэгорыях А+В+С1 — 2,65 млрд. т, па катэгорыі С1 — 0,57 млрд. т. Балансавыя запасы каменнай солі па катэгорыях А+В+С1 — 0,77 млрд. т. Штогод здабываецца каля 25 млн. т калійных і 0,5 млн. т каменнай солей. Вытворчасць калійных угнаенняў у 2000 годзе склала 3,4 млн. т (у пераліку на 100% аксіду калію). Радовішча з’яўляецца сыравіннай базай ААТ «Беларуськалій».

Адвалы (тэрыконы) у Салігорскім раёне

Распрацоўка радовішча выклікала шэраг экалагічных праблем, звязаных з негатыўным уздзеяннем калійнай вытворчасці на навакольнае асяроддзе: асяданне зямной паверхні над горнымі вырабаткамі, падтапленне, забалочванне і затапленне зямель, засаленне глебы і падземных вод, намнажэнне цвёрдых галітавых і вадкіх глініста-салявых адкладаў калійнай вытворчасці.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Прыпяцкі прагін
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Радовішчы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Геалогія Салігорскага раёна