Не блытаць з Парфенон. Не блытаць з Гекатампедон. Старажытны Парфенон, часамПарфенон I, або Парфенон II[1] — умоўная назва старажытнага храма Афінскага акропаля, прысвечанага багіні Афіне. Гэты храм павінен быў замяніць разбураны дашчэнту персамі Гекатампедон і стаць галоўным афінскім свяцілішчам, прысвечаным багіні Афіне Паліядзе — заступніцы горада (гэты эпітэт паходзіць ад слова поліс), а не Афіне Парфенас — Дзеве, як уласна Парфенон.
Існаванне Старажытнага Парфенона вядома дзякуючы сведчанням Герадота[2]. Барабаны калон храма выразна вылучаліся на фоне іншых блокаў паўночнай сцяны Эрехтэёна. Упершыню субструктуры больш ранняга храма адкрыў прафесар Людвіг Рос падчас раскопак 1835—1836 гадоў[3]. Матэрыялы раскопак 1885—1890 гадоў пад кіраўніцтвам Панаётыса Каўвадыяса далі новыя доказы існавання храма[4].Вынікі раскопак дазволілі нямецкаму архітэктару і археолагу класічнасці, Вільгельму Дзёрпфельду, тагачаснаму дырэктару Нямецкага археалагічнага інстытута ў Афінах, сцвярджаць пра некалькі стадый будаўніцтва Старажытнага Парфенона[1].
Найбольш ранні этап будаўніцтва мог пачацца ў часы Клісфена, храм узводзіўся, верагодна, з вапняку. Храм гэтага перыяду Дзёрпфельд назваў Парфенонам I, або Па I. Другі этап будаўніцтва храма пачаўся неўзабаве пасля перамогі грэкаў над персамі пры Марафоне, гэта значыць каля 490—488 гадоў да н.э. Незавершаная праца працягвалася цяпер з выкарыстаннем мармуру. Храм гэтага перыяду Дзёрпфельд назваў Парфенонам II, або Па II. Зыходзячы з гэтай тэорыі, Перыклаў Парфенон Дзёрпфельд назваў Парфенонам III, або Па III. Здагадка Дзёрпфельда грунтаваліся на тым, што тры першыя прыступкі лесвіцы Парфенона I былі складзены з пароскага вапняку, як і стылабат, а верхняя прыступка — з карайскага вапняку. Апошнюю таксама перакрывала ніжняя мармуровая прыступка Перыклава Парфенона.
Калі даўжыня Гекатампедона складала 32 м, то памеры Старажытнага Парфенона ў плане былі блізкія да цяперашняга храма. Пасярод паўднёвага схіла Акропаля ўзвялі падпорную сцяну, а ў аснову пагорака паклалі вапнавыя блокі, каб падняць будаўнічую пляцоўку над скалой прыкладна на 7 м. Гэты храм уяўляў сабой перыптар і меў па 6 і 16 калон па шырыні і даўжыні. Вядома, што стылабат і лесвіца Парфенона II былі вакананы з мармуру. Стылабат быў меншым і размяшчаўся крыху на поўнач Перыклава Парфенона. Гэта стала яшчэ адным доказам таго, што падмурак належаў іншай пабудове на Акропалі, пазней амаль цалкам перакрытай падмуркам велічнага Парфенона ІІІ. Аднак 480 да н. э., калі будаўнікам удалося ўзвесці калоны толькі да вышыні другога барабана, горад спустошыла персідскае войска Ксеркса. Будаўніцтва спынілася амаль на 30 гадоў.
Паводле падання, афіняне не аднаўлялі храм Афіны на працягу 30 гадоў пасля таго, як 479 да н. э. далі клятву пры Платеях не аднаўляць збудаванні, знішчаныя персамі[5].Клятву гэтую адмяніў 450 да н. э. Каліеў мір. Аднак раскопкі 1910 года Берта Ходжа Хіла дазволілі запярэчыць Дзёрпфельду і вызначыць час ўзвядзення Парфенона ІІ часам Кімана — пасля 468 да н. э. Датыроўка ускладняла пэўная нядбайнасць раскопак 1885—1890 гадоў, падчас якіх знаходкі былі амаль незадакументаваны, перасунутыя са сваіх месцаў. У выніку незваротна была страчана каштоўная інфармацыя. Паводле вынікаў сваіх раскопак Хіл даклаў, што акрамя падмурка і вялікіх субструктур храма in situ знойдзена 250 фрагментаў Старажытнага Парфенона, з якіх 38 знайшлі ў розных кропках Акропаля, 177 — каля паўночнай сцяны і прынамсі 35 убудаваныя ў сучасны Парфенон. 175 фрагментаў былі старанна вывучаны[3].
Блытаніна з датыроўкі натхніла археолага Уільяма Бэла Дынсмура. Сваёй задачай ён вызначыў — усталяваць часавыя граніцы двух знойдзеных падмуркаў і 5 сцен, перакрытых паўторным тэрасаваннем Акропаля пры будаўніцтве Перыклава Парфенона. Дынсмур прыйшоў да высновы, што максімальна магчымы тэрмін для Парфенона І — не раней за 495 да н. э., насуперак даце, названай Дзёрпфельдам. Дынсмур таксама адмаўляў існаванне двух Старажытных Парфенонаў. Паводле яго, адзіны Старажытны Парфенон — храм, які Дзёрпфельд назваў Парфенонам ІІ[6].
Тэорыі Дзёрпфельда і Хіла застаюцца папулярнымі і зараз, хоць ні адна ні даказана канчаткова, ні аспрэчана пераканаўчымі аргументамі.[7]