wd wp Пошук:

Скарпіён II

Гэты артыкул — пра фараона. Пра багіню гл. Селкет. У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Скарпіён (значэнні).

Скарпіён II
Дэталь рэльефа булавы «Скарпіёна» II, з яго выяваю, знойдзена ў Нехене (музей Эшмала).

Хор Скарпіён, ці Скарпіён II (чытанне імені не ўстаноўлена, магчыма, яно гучала як егіп. srq ці wḥȝ) — дадынастычны[ru] правіцель Егіпта. Яго імя, магчыма, звязана з іменем багіні Серкет[en], якую адлюстроўвалі ў абліччы скарпіёна.

Найважнейшае выяўленчае сведчанне існавання гэтага цара — шышка[en] (наканечнік) булавы з Нехена. На ёй цар выяўлены ў белай кароне. У Гебель Шэйх Суліман было таксама выяўлена графіта, на якім паказаны Хор Скарпіён, які перамагае іншага дадынастычнага правіцеля[1].

Імя і тытул

Шасціпялёсткавая разетка, сімвал «цар»[2]

Імя і тытул цара Скарпіёна з’яўляюцца прадметам дыскусій у сучаснай егіпталогіі. Перад яго іменем часта стаіць знак шасці- ці сяміпялёсткавай разеткі або кветкі (?). Гэту эмблему можна знайсці на многіх аб’ектах нулявой і I дынастыі; яна паступова знікае пад канец III дынастыі, калі гэты знак зноў паяўляецца побач з імёнамі чыноўнікаў высокага рангу, такіх як Хабаўсокар (Khabawsokar) і Аа-ахці (A’a-akhty) (абодва адносяцца к канцу III дынастыі). Адносна дакладнага значэння эмблемы вядуцца гарачыя дыскусіі; паводле найболей распаўсюджанай інтэрпрэтацыі эмблема мае значэнне «намарх» ці «высокі ўладыка». У дадынастычную і раннюю дынастычную эру яна відавочна ўжывалася для абазначэння цароў; у значна пазнейшыя часы эмблема была даравана высокапастаўленым чыноўнікам і прынцам, асабліва тым, якія служылі жрацамі багіні Сешат. Адсюль залатая разетка стала афіцыйным сімвалам Сешат[3]. Чытанне знака разеткі таксама спрэчнае. Большасць мовазнаўцаў і егіптолагаў чытае яго Neb («гаспадар», «пан») ці Nesw («цар», «фараон»), таксама пераважае меркаванне, што залатая разетка была нечым накшталт папярэдніка пазнейшага серэха[4][5].

Скарпіён як фетыш, які ляжыць у аснове імені Скарпіёна II, звычайна звязваюць з пазнейшым культам багіні Селкет[en]. Але егіптолагі і мовазнаўцы, такія як Л. Д. Морэнц[en], Х. Байлінх (ням.: Horst Beinlich), Т. Уілкінсан[en] і Я. Асман[en], указваюць, што культ гэтай багіні быў уведзены не раней чым у канцы Старога царства. У такім разе, фетыш скарпіёна ў дадынастычныя часы нельга звязваць з культам Селкет. Морэнц паказвае, што ў выпадках, калі жывёла-фетыш уключаецца ў імя правіцеля, гэта жывёла мае іншае, у пэўнай ступені культавае і палітычнае значэнне. Скарпіён звычайна лічыўся ўвасабленнем небяспечных рэчаў, такіх як атрута і хвароба, але ён мог таксама сімвалізаваць балючы ўкус, у ваенным кантэксце штурм і атаку. Паколькі няясна, якое значэнне на самай справе мела серэхавая жывёла Скарпіёна II, навукоўцы звычайна называюць яго «царом Скарпіёнам II»[4][6][7].

Праўленне

Існуе рад тэорый, якія па-рознаму трактуюць становішча Хора Скарпіёна. Адны даследчыкі лічаць яго мясцовым правіцелем Іераконпаля[ru], іншыя мяркуюць, што пад яго ўладаю знаходзіўся ўвесь Егіпет. Верагодна, ён быў адным з папярэднікаў Нармера, але існуе таксама меркавання, згодна з якім Хор Скарпіён і Нармер — гэта адзін чалавек.

Рэльефная выява на каменым набалдашніку жэзла ці булавы, знойдзеным у Іераконпалі (ст.-егіп. Нехен, перакладаецца «сокал») паказвае цара Скарпіёна, які кіруе земляробчым святам «Узрыхлення зямлі». Скарпіён прадстаўлены ў белай кароне Верхняга Егіпта, у адмысловым рытуальным адзенні, з прывешаным ззаду бычыным хвастом (характэрны атрыбут фараона ў многіх рэлігійных цырымоніях), стоячы на беразе канала з матыкай у руках. Магчыма, ён адкрывае ірыгацыйныя каналы для арашэння палёў, або выкопвае першую лунку, каб пакласці туды камень для падмурка храма або нават цэлага горада. Пачатак заснавання якой-небудзь важнай пабудовы з’яўляўся прэрагатывай цара ў Старажытным Егіпце.

Каля яго галавы адлюстраваныя сяміпялёсткавая разетка (альтэрнатыўнае напісанне тытула — Хор) і скарпіён, што, верагодна, чытаецца як «цар Скарпіён». Яго імя сапраўды магло быць «Скарпіён», бо па-егіпецку пісалася яно як нешта падобнае да «Сркт» («Srqt» — Серкет; але ў старажытнаегіпецкім напісанні гэта імя стаіць у жаночым родзе, што здзіўляе даследчыкаў). Булава, відавочна, была прызначана служыць для ўшанавання перамогі цара, на чале саюзных номаў, прадстаўленых сваімі штандарамі, не толькі над іншымі номамі, але і над іншаземнымі ворагамі. Два з гэтых штандараў даволі цікавыя, бо паказваюць жывёл, прысвечаных Сету. Гэта паказвае, што ў той даволі ранні час служыцелі Сета падтрымлівалі правіцеля. На жэрдках з гербамі, як на шыбеніцах, павешаны птушкі — ібісы (ібіс азначае слова «рэхіт[de]» і перакладаецца як «падданыя», «народ», «людзі»), сімвалічная выява егіпцян. У дадзеным выпадку народ Егіпта быў заваяваны царом Скарпіёнам. Аднак па іншых крыніцах, гэты сімвал стаў адлюстроўваць народ Егіпта значна пазней, а ў той час абазначаў іншаземцаў, не егіпцян. Такім чынам, булава цара Скарпіёна адлюстроўвае гэтага правіцеля, як пераможца людзей, якія жылі недзе ў Заходняй Дэльце.

Верагодна, ён паходзіў з дому Іераконпаля, а не з дому Ціна[en], старажытнага горада цініскай дынастыі, адкуль паходзіў яго пераемнік Нармер. Яго імя значыцца таксама на сасудах, знойдзеных некалькі на поўдзень ад Мемфіса, то-бок зусім блізка ад Ніжнеегіпецкай зямлі. Збоку ад імені маецца прыпіска, і пачынаецца яна са знака, які абазначае Ніжні Егіпет. Верагодна, яму належыць шыферная палетка, на якой з аднаго боку паказана, як ўвасаблячыя цара сокал, леў, скарпіён і царскія сцягі-штандары разбураюць крэпасці, а з другога паказаныя дрэвы, быкі, аслы, бараны, і ўсё гэта названа словам «Лівія», што, відаць, павінна абазначаць здабычу жывёл, захопленых у Лівіі, і саму гэту краіну. Сокал і леў звычайна прадстаўлялі цара, а выява скарпіёна паказвае, што гэта быў Скарпіён.

Адзіным іншым доказам існавання цара Скарпіёна могуць служыць серэхі, знойдзеныя на вазах (у серэхах звычайна пісалі імёны цароў у ранні перыяд, нешта на манер картушаў). Серэх цара Скарпіёна знойдзены на вінным збанку з Мішнат Абу Амар[en]. Па іншых крыніцах, гэты надпіс чытаецца, як «Аха» (wḥȝ) — цар першай дынастыі, таксама вядомы як Менес. Надпіс «Цар Скарпіён» быў прачытан у двух іншых серэхах, знойдзеных на збанах з Тархана[ru], але гэтыя прачытанні таксама нельга назваць бясспрэчнымі.

Магчымае месца пахавання

Хаця чатырохпакаёвая грабніца ў Абідасе лічыцца грабніцаю цара Скарпіёна, ніякіх пераканаўчых аргументаў знаходжання цара Скарпіёна ў Абідасе няма. У той жа час іменна там былі знойдзены пахаванні некаторых цароў I дынастыі, а таксама правіцеляў Дадынастычнага перыяду.

Гістарычныя крыніцы

У сучаснай культуры

Персанаж па імені Скарпіён, вобраз якога вельмі ўмоўна суадносіцца з рэальна існаваўшым правіцелем Егіпта, з’яўляецца галоўным героем фільма «Цар скарпіёнаў» (2002), выпушчанага ў якасці прыквела да фільма «Мумія вяртаецца».

Гл. таксама

Зноскі

  1. Winifred Needler: A Rock-drawing on Gebel Sheikh Suliman (near Wadi Halfa) showing a Scorpion and human Figures. In: Journal of the American Research Center in Egypt. American Research Center (Hrsg.), Eisenbrauns, Winona Lake 1967, ISSN 0065-9991, S. 87-91.
  2. Службовы знак M86; гл. Rainer Hannig: Großes Handwörterbuch Ägyptisch-Deutsch. S. 1444, там ён, праўда, абазначаны як «Blume», г.зн. «кветка».
  3. Moortgat, 1994, pp. 359–371
  4. 1 2 Ludwig David Morenz: Bild-Buchstaben und symbolische Zeichen: Die Herausbildung der Schrift der hohen Kultur Altägyptens. (= Orbis Biblicus et Orientalis, vol. 205). Fribourg 2004, ISBN 3-7278-1486-1, p.151-154.
  5. Hannig, 2006, p. 455
  6. Assmann, 2003, p. 91
  7. Toby Wilkinson: Early Dynastic Egypt: Strategy, Society and Security. Routledge, London 1999, ISBN 0-415-18633-1, p. 38, 56 & 57.

Літаратура

Папярэднік:
Кракадзіл?
Фараон Егіпта
3300—3200 да н.э.
Пераемнік:
Іры-Хор?
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Дадынастычныя фараоны
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 4 тысячагоддзі да н.э.
Катэгорыя·Фараоны паводле алфавіта