Само́а (Samoa). Афіцыйная назва — Незалежная Дзяржава Самоа. Плошча — 2,8 тыс. км. кв. Насельніцтва — 170 тыс. чал. (1998 г.). Афіцыйныя мовы — самаанская, англійская.
Астраўная краіна ў Акіяніі, якая займае заходнюю частку астравоў Самоа (астатнюю частку архіпелагу займае Амерыканскае Самоа). Сталіца краіны — горад Апія. Да 1997 года краіна мела назву Заходняе Cамоа.
Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (вышыня да 1885 м, востраў Саваі). Шмат патухлых вулканаў, на востраве Саваі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднемесячныя тэмпературы 25—27 °С. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47 % тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нацыянальны парк Оле-Пупу-Пуэ на востраве Уполу.