Саламо́н (стар.-яўр.: Шлaма́[3]; арабск.: Сулейма́н) — цар ізраільска-іўдзейскі ў перыяд найвышэйшага росквіту Ізраільска-Іўдзейскага царства, сын цара Давыда і Вірсавіі. Спачатку быў суправіцелем бацькі (у 967—965 да н.э.), а потым сам кіраваў да 928 да н.э.[3]
Пры ім старажытнаяўрэйская рабаўладальніцкая дзяржава дасягнула свайго росквіту. Ажыццявіў адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу і замест былога племяннога падзелу краіны ўвёў у ёй сістэму акруг, дзякуючы якой стварыўся разгалінаваны адміністрацыйны апарат. Устанавіў цвёрдую сістэму падаткаў, працоўную і воінскую павіннасці, ажыццяўляў шырокае будаўніцтва гарадоў, умацаваў сталічны Іерусалім, а для ўзвышэння яго дзяржаўна-палітычнага значэння і цэнтралізацыі культу бога Яхве пабудаваў у сталіцы пышны храм (Гл. далей: Першы іерусалімскі храм), які быў задуманы яшчэ яго бацькам Давыдам. Пабудова гэтага храма мела вялікі ўплыў на развіццё навукі, мастацтва і грамадскага жыцця, бо цэнтралізацыя культу Яхве пацягнула за сабой рост культуры і грамадскага дабрабыту. Пры ім пачалі пашырацца распрацоўка медных руднікоў і развіццё самых разнастайных і прафесійна разгалінаваных рамёстваў і промыслаў.[3]
Заключэнне дыпламатычных саюзаў з суседнімі дзяржавамі забяспечыла Саламону і яго краіне мірныя ўмовы жыцця, а яго шлюб з дачкой егіпецкага фараона садзейнічаў умацаванню міжнароднага становішча дзяржавы і шырокаму развіццю знешняга гандлю. Але далёка не пурытанскі вобраз жыцця самаго валадара, які клапаціўся аб тым, каб праславіцца сваёй мудрасцю і раскошай, ваеннымі калясніцамі і вялікім конным войскам, шматлікімі целаахоўнікамі, побач з шырокім фронтам будаўнічых работ, сістэмай абавязковых падаткаў, працаёмкіх і знясільваючых працоўных павіннасцей прывялі да росту незадаволенасці насельніцтва, асабліва сярод паўночных плямён Ізраільска-Іўдзейскага царства. Ужо пры жыцці Саламона пачаліся паўстанні эдаміцян і арамеян, а пасля яго смерці выбухнула паўстанне, у выніку якога адзінае Ізраільска-Іўдзейскае царства спыніла сваё далейшае існаванне, і на яе тэрыторыі ўзніклі два незалежныя царствы — Ізраільскае і Іўдзейскае.[3]
Традыцыя прыпісвае Саламону аўтарства некалькіх кніг Старога запавету: «Выслоўяў Саламонавых», «Песня песень», «Эклезіяст»[4]. Біблейскія прыпавесці, аўтарства якіх прыпісваецца Саламону, у многіх выпадках знаходзяць паралелі ў старажытнаегіпецкіх крыніцах[3]. Імя Саламона ў фальклорнай традыцыі народаў хрысціянскага і мусульманскага свету стала сінонімам мудрага, магутнага, справядлівага і паспяховага валадара[крыніца?].