Рэ́чыцкі праспект — праспект у Савецкім раёне Гомеля, адна з галоўных магістралей горада. Да 14 чэрвеня 2013 года вуліца насіла назву «Рэчыцкая шаша», з-за таго, што яна плаўна перацякае ў шашэйную дарогу да горада Рэчыца[1][2][3].
Арыентаваны з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Пачынаецца ад безназоўнай плошчы на скрыжаванні з вуліцай Барыкіна і Куйбышаўскім праездам, з паўднёвага ўсходу прымыкаюць вуліцы Клермон-Феран і Жукава, з паўночна заходняга — вуліцы Крайняя і Брэсцкая, далей з паўднёвага ўсходу прымыкае вуліца Валгаградская, з поўначы — Сасновая, перасякае вуліцу Міжгароднюю, з паўднёвага ўсходу прымыкае Студэнцкі праезд, далей перасякае вуліцу Косарава, завяршаецца скрыжаваннем з Аб’язной і Давыдаўскай на граніцы горада. Працягам вуліцы з’яўляецца магістраль М10. Даўжыня праспекта складае каля 4,8 км.