«Роджаныя пад Сатурнам» — раман Віктара Вальтара, напісаны ў 1920-х і ўпершыню апублікаваны ў 1991—1992 у газеце «Голас Радзімы», які апісвае жыццё беларускай дыяспары ў Празе 1920-х.
Адзін рукапісны асобнік патрапіў у Цэнтральную навуковую бібліятэку Акадэміі навук Літвы, адкуль Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны замовіў мікрафільм рукапісу (цяпер захоўваецца ў Навуковай бібліятэцы НАН Беларусі)[1]. У пачатку 1930-х раман «Роджаныя пад Сатурнам» быў перапісаны некалькімі вучнямі Дзвінскай беларускай гімназіі[2]. Яшчэ ў 1932 годзе часопіс «Беларуская школа ў Латвіі» ў пятым нумары паведамляў аб падрыхтоўцы да выдання рамана, і запрашаў яго падтрымаць, але сродкаў не знайшлося[2]. Толькі ў 1991—1992 гг. сем з паловай месяцаў з нумара ў нумар рэдакцыя «Голаса Радзімы» знаёміла сваіх чытачоў з раманам Віктара Вальтара[3].
Раман «Роджаныя пад Сатурнам» у многім гісторыка-аўтабіяграфічны[1]. У сюжэце паўстаюць буйныя тагачасныя дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, якія знайшлі сталы прытулак у Чэхаславакіі — П. Крачэўскі, Т. Грыб, Я. Станкевіч і П. Вяршынін. У асобе галоўнага героя твора Пятра Тугоўскага аўтар увасобіў некаторыя аўтабіяграфічныя рысы.
На думку А. Пашкевіча, В. Вальтар, узнімаючы праблемы, характэрныя для рускай класічнай літаратуры (Ф. Дастаеўскі, І. Тургенеў), з ідэйным пафасам дапісваў мастацкія старонкі беларускай прозы 1920-х гг. — на агульнафіласофскае накладваў нацыянальную праблематыку[2]. Як адзначае даследчык, у эпізодах рамана бачыцца ўплыў гістарычнай аповесці «Лабірынты» Вацлава Ластоўскага: скіраванасць на вывучэнне эзатэрычных, астральных праяваў жыцця[2]. Галоўная думка да якой прыводзіць аўтар чытача: карысным грамадству можа быць толькі шчаслівы чалавек[2].