wd wp Пошук:

Размаўляем па-беларуску

«Размаўляем па-беларуску» — асабіста-камандная тэлегульня вытворчасці тэлерадыёкампаніі «Гомель», заснаваная ў верасні 2014 года.

Удзельнікі адказваюць на нескладаныя пытанні на веданне беларускай мовы, літаратуры, этнаграфіі, мастацтва[1]. Удзельнічаюць 2 каманды па 3 чалавекі. Віктарына складаецца з 5 гульнявых эпізодаў: «Прыгадваем», «Перакладаем», «Тлумачым», «Ужываем» і «Цытуем»[1]. Для ўдзелу ў тэлегульні каманды ў якасці адборачнага тура шукаюць адказы на 7 пытанняў на сайце ТРК «Гомель», пасля чаго дасылаюць заяўкі з адказамі на электронную пошту (televiktaryna@list.ru)[1]. Перадачу вядзе Алена Трацэнка. Паказ на тэлеканале «Беларусь 3» адбываецца штосуботу а 10:55, у тым ліку праз інтэрнэт[2]. Спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24» паказвае тэлегульню ў ЗША і краінах Еўропы ў панядзелак а 12:15 з паўторамі ў чацвер а 15:30, суботу а 7:05 і нядзелю а 11:00, у тым ліку анлайн[3].

Гісторыя

На пачатку студзеня 2010 года старшыня тэлерадыёкампаніі «Гомель» Віктар Котаў прапанаваў заснаваць штотыднёвую тэлеперадачу аб правільным выкарыстанні беларускай мовы. Пісьменнік Святаслаў Крупенька стварыў і пачаў весці 5-хвілінную праграму «Вучымся размаўляць па-беларуску». Рэжысёркай выступіла Вікторыя Дубавец. СцэнарысткайАлена Трацэнка. У сярэдзіне студзеня 2010 года адбыўся 1-ы выпуск перадачы пад умоўнай назвай «Слова на «Добры дзень», які паказалі ў тэлеэфіры абласнога тэлеканала «Гомель»[4]. Пазней у перадачы з’явілася рубрыка «Магія мовы» пра ўстойлівыя словазлучэнні, якую стала весці Алена Трацэнка. У 2012 годзе дадалі 3-ю частку перадачы пад назвай «Родныя вобразы», у якой распавядалі пра гаспадарчыя прадметы[5].

8 чэрвеня 2014 года тэлеканал «Беларусь 3» анансаваў выпуск тэлевіктарыны «Размаўляем па-беларуску» вытворчасці ТРК «Гомель», якую мела весці Алена Трацэнка[6]. За правільныя адказы на пытанні налічвалі балы, колькасць якіх складалася. Гульня ўключала 5 конкурсаў. Першыя 2 былі на хуткасць. Апошнія 3 — на разважлівасць. Заданні ўключалі: пераклад слова, словазлучэння і сказа; выбар слушнага сэнсу рэдкаўжывальнага слова з 3-х варыянтаў адказу; тлумачэнне сэнсу ўстойлівых словазлучэнняў, прывядзенне прыкладу іх выкарыстання і называнне сінанімічных выразаў; працяг цытаты з верша, паэмы або песні; называнне аўтара і назвы твора прадугледжвала атрыманне дадатковых балаў. Святаслаў Крупенька меў выступаць экспертам, назіральнікам і суддзёй гульні. Адбор удзельнікаў ажыццяўляўся праз запаўненне на сайце ТРК «Гомель» (tvrgomel.by) заяўкі на ўдзел каманды з 3-х чалавек і адказ на 7 пытанняў. Працягласць тэлеспаборніцтва складала 30 хвілін[5]. 13 верасня 2014 года на тэлеканале «Беларусь 3» адбылася прэм’ера тэлевіктарыны «Размаўляем па-беларуску»[7]. Першымі камандамі, якія згулялі ў віктарыну, былі «Галасістыя пеўні» і «Купалінка»[8]. Гукарэжысёрам перадачы была Наталля Белянкова. Грымёрам — Галіна Хаткоўская. Выдавецтва «Беларусь» забяспечвала ўдзельнікаў падарункамі ў выглядзе кніг[9]. Да канца 2014 года паказалі 17 выпускаў перадачы[8]. У ліпені 2015 года скончыўся 1-ы сезон тэлегульні, пасля чаго да верасня на тэлеканале «Беларусь 3» паказвалі паўторы ранейшых запісаў перадачы[10]. На пачатку верасня 2015 года стартаваў 2-і сезон тэлегульні «Размаўляем па-беларуску». За 2015 год паказалі 39 выпускаў перадачы. У ліпені 2016 года скончыўся 2-і сезон тэлевіктарыны, пасля чаго да верасня ў эфір зноў выпускалі паўторы гульні. У верасні 2016 года пачаўся 3-і сезон гульні. За 2016 год паказалі 43 выпускі тэлевіктарыны. У 2017 годзе — 35 выпускаў. Разам за 2014—2017 гады паказалі 134 выпускі перадачы[8].

Зноскі

  1. 1 2 3 Размаўляем па-беларуску (нявызн.), Тэлерадыёкампанія «Гомель» (2018). Праверана 16 мая 2018. Архівавана 26 мая 2018.
  2. Размаўляем па-беларуску (нявызн.), Тэлеканал «Беларусь 3» (13 мая 2018). Праверана 16 мая 2018. Архівавана 16 мая 2018.
  3. Размаўляем па-беларуску (нявызн.), Тэлеканал «Беларусь 24» (31 студзеня 2018). Праверана 16 мая 2018.
  4. “Смачнога!”, “Рыбнага!”, “Малочнага!” // Рэспубліка : газета. — 19 студзеня 2010. — № 8 (4920). — ISSN 1991-5322.
  5. 1 2 Ірына Асташкевіч. Не баяцца памыляцца // Звязда : газета. — 5 верасня 2014. — № 168 (27778). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  6. Размаўляем па-беларуску (анонс) (нявызн.), Тэлеканал «Беларусь 3» (8 чэрвеня 2014). Праверана 16 мая 2018.
  7. Ірына Асташкевіч. Як чуецца,так і пішацца // Звязда : газета. — 12 верасня 2014. — № 173 (27783). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  8. 1 2 3 Каталог цыклавых тэлеперадач «Размаўляем па-беларуску» (тэлевіктарына) 2014-2017 (нявызн.), Белтэлерадыёкампанія (2018). Праверана 16 мая 2018.(недаступная спасылка)
  9. Ірына Асташкевіч. Такія вось «балясы» // Звязда : газета. — 19 верасня 2014. — № 178 (27788). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  10. Ірына Асташкевіч. Пошчак на ўвесь свет // Звязда : газета. — 10 ліпеня 2015. — № 129 (27987). — С. 6. — ISSN 1990-763x.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Тэлеперадачы Беларусі
Катэгорыя·З’явіліся ў 2014 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Тэлеперадачы на беларускай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·2014 год у Гомелі
Катэгорыя·Тэлеперадачы паводле алфавіта
Катэгорыя·Культура Гомеля
Катэгорыя·Вікіпедыя·Фільмы без IMDb
Катэгорыя·Тэлевізійныя гульні