wd wp Пошук:

Пінскі Варварынскі манастыр

Пінскі Свята-Варварынскі манастыр — праваслаўны манастыр у Пінску ў імя Варвары-мучаніцы.

Гісторыя

У XVI стагоддзі ў Пінску былі тры праваслаўныя манастыры — Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі. Варварынскі манастыр узнік пры Прачысценскай царкве, якая стаяла ўжо ў 1513 годзе ў Старым горадзе на захад ад замка[1]. Упершыню згадваецца пад 1520 годам пры вялікім князю Жыгімонце Старым. У 1521 годзе князем пінскім і клецкім Фёдарам Іванавічам Яраславічам пры Варварынскай царкве былі пастаўлены драўляныя будынкі. Тады ж Фёдар Яраславіч надаў манастыру двор Піскалаўшчыну ў сяле Асобавічы. Манастыру таксама былі нададзены вёскі Гольцы, Крайнавічы, Завідчыцы, Жыткавічы, Высокае, Гай[2].

Паводле рэвізіі 1595 года, манастыр складаўся з пяці будынкаў. Уваходам на тэрыторыю былі брама-званіца з трыма званамі. У драўлянай царкве св. мучаніцы Варвары іканастас меў 10 вялікіх і 10 малых абразоў, сярод іх два асабліва багата ўпрыгожаныя, у сярэбраных акладах з чаканкай—абраз св. мучаніцы Варвары і Прачыстай Дзевы Марыі. У царскіх, паўднёвых і паўночных брамах былі абразы на палатне. Манастыр быў абнесены высокай агароджай з дубовага бярвення[3].

З увядзеннем уніі манастыр у 1596 годзе ператвораны ў уніяцкі і перададзены каралём ігуменні Еўфрасінні Трызне. Манастыр валодаў 32 валокамі зямлі і 732 душамі[4].

Праваслаўныя манашкі з манастыра (ігумення Яўфімія (Людміла Сноўская)) былі прагнаны. Зрэшты, некаторы час ім дазволілі жыць у Пінску. У 1633 годзе загадам караля Уладзіслава IV пры актыўным удзеле ўніяцкага біскупа Лявонція Пелчынскага манастыр аддадзены ордэну бернардзінцаў. У 1635 годзе каралеўскай граматай забаронена пінскаму магістрату прымаць у горадзе праваслаўных манашак, якія мелі намер заснаваць новы манастыр[5].

Пасля Полацкага царкоўнага сабора ў 1839 годзе манастыр зноў стаў праваслаўным. У гэты час Варварынская царква мела 56 абразоў, сярэбраны пазалочаны крыж з часціцамі Жыватворнага Крыжа Гасподняга, упрыгожаны чэшскім крышталём і фігурамі Хрыста і Маці Божай, сярэбраны крыж, падораны грэчаскімі святарамі. Галоўнай святыняй царквы з’яўляліся мошчы (палец) св. Варвары ў пазалочанай рацы. У манастыры была вялікая бібліятэка, дзе знаходзіліся і рукапісныя кнігі. Працавала школа для дзяўчатак, там вучылі чытанню, пісьму, лічэнню, рукадзеллю.

У 1858 годзе ў праваслаўную царкву, цяпер вядомую як Варварынская, быў пераасвечаны касцёл бернардзінцаў, пабудаваны ў 1786. У 1865 годзе над ім усталяваны вялікі купал. Гэта прамавугольны ў плане аднанефны каменны храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем размешчаны ў два ярусы. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі[6]. На другім паверсе манаскага будынка адкрылася цёплая царква.

У 1874 годзе насельнікаў манастыра (ігумення Назарэта, 5 манашак і 4 паслушніцы) перавялі ў новазаснаваны Мінскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, які існаваў да 1925. Там у храме Праабражэння Гасподняга быў зроблены прыдзел ў імя св. мучаніцы Варвары і захоўваліся яе мошчы.

У пінскіх манастырскіх будынках гарадскія ўлады размясцілі лячэбніцу. Манастырская ж царква св. Варвары была зроблена прыходскаю ды прыпісана да пінскага Ляшчынскага манастыра, аднаго з самых старажытных у Беларусі, які знаходзіўся ў прадмесці Пінска Лешчы[7].

Манастыр зноў адкрыты ў чэрвені 1993 рашэннем Сінода Беларускага Экзархата. Знаходзіцца на тэрыторыі Пінскага епархіяльнага ўпраўлення, разам з Упраўленнем уяўляе адзіны архітэктурны ансамбль. Належыць да Пінскай епархіі. Манастыру аддадзены былы кінатэатр, які стаяў на месцы Фёдараўскай царквы. Яго перабудавалі ў храм у імя Уваскрэсення Гасподняга.

Заўвагі

  1. Грушевский А. Пинское Полесье. Исторические очерки. — Киев: Императорский ун-т св. Владимира, 1901. — 87 с.
  2. Antoni Mironowicz. Monastery diecezji turowsko-pińskiej w XVI wieku. Monaster św. Barbary w Pińsku. С. 236-237 (нявызн.).
  3. Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций. — М.: Прогресс-традиция, 2002. — С. 68, 69, 406. — 600 с. — ISBN 5-89826-093-5.
  4. Ярашэвіч А. Пінскі Варварынскі манастыр // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя. — Мн., БелЭн, 2005. т. 2. с. 435 ISBN 985-11-0314-4
  5. Акты Виленской археографической комиссии. — Вильня: Тип. А. Киркора, 1896.
  6. Пинский район // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. ― Мн., БелСЭ, 1990. с. 312 ISBN 85700-017-3
  7. Слюнькова И. Н. Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи. ― М., Прогресс-традиция, 2010. С. 603. ISBN 978-5-89826-326-8

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Праваслаўныя манастыры Беларусі
Катэгорыя·Культавыя збудаванні Пінска
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Пінская епархія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара