Пётр Міхайлавіч Стэфаноўскі (02.01.1903, пасёлак Пакроўка, які пераселены ў в. Чыркавічы цяпер Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці — 1976) — лётчык-выпрабавальнік, генерал-маёр авіяцыі (1944), Герой Савецкага Саюза (1948). У 1941—1942 гг. камандаваў заходнім сектарам проціпаветранай абароны Масквы. Першым у свеце выканаў вышэйшы пілатаж на рэактыўным самалёце.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, скончыў сельскую школу. З юнацкага ўзросту працаваў у сельскай гаспадарцы, потым рабочым у г. Бабруйску (Магілёўская вобласць). Захапіўся авіяцыяй, назіраючы за практыкаваннямі пілотаў на Бабруйскім аэрадроме. З 1925 г. на вайсковай службе. Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу лётчыкаў (1927), 1-ую Качынскую ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў (1929). З 1928 г. — лётчык-інструктар, затым — лётчык-выпрабавальнік у Навукова-даследчым інстытуце Ваенна-паветраных сіл (НДІ ВПС) СССР.
Падчас ІІ-ой сусветнай вайны з чэрвеня 1941 г. — камандзір 402-га знішчальнага авіяпалка асаблівага прызначэння, які склаў з добраахвотнікаў. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Ад ліпеня 1941 г. — намеснік камандзіра 6-га знішчальнага корпуса проціпаветранай абароны па заходняму сектару Масквы. Здзейсніў 150 баявых вылетаў, збіў асабіста 4 самалёта праціўніка. У траўні 1942 г. адазваны ў НДІ ВПС. Намеснік начальніка аддзела, затым — намеснік начальніка упраўлення выпрабавання самалётаў НДІ ВПС імя В. П. Чкалава, лётчык-выпрабавальнік І-га класа.
Правёў 238 выпрабаванняў, у тым ліку пікуючага бамбавіка Пе-2, далёкага вышыннага бамбавіка ТБ-7, рэактыўных знішчальнікаў Як-15 і Міг-19, першага стратасфернага самалёта БОК-1 і іншых. Здзейсніў 16 першых вылетаў на новых тыпах самалётаў. За перыяд службы выканаў 13500 палётаў, авалодаў 317 тыпамі самалётаў. З 1954 г. ў запасе, затым у адстаўцы; аўтар кніг.
У Чыркавічах і г. Шчолкава Маскоўскай вобласці Расіі імём П. Стэфаноўскага названы вуліцы, яго імя носіць сярэдняя школа ў Чыркавічах.