Пётр Аляксеевіч Парашэнка (нар. 26 верасня 1965, Балград, Адэская вобласць, УССР, СССР) — украінскі прадпрымальнік, палітык, пяты Прэзідэнт Украіны (2014—2019). Народны дэпутат Украіны 3-га, 4-га, 5-га і 7-га скліканняў, міністр эканамічнага развіцця і гандлю Украіны (з 23 сакавіка па 24 снежань 2012 г., міністр замежных спраў Украіны (9 кастрычніка 2009 — 11 сакавіка 2010), старшыня Савета Нацыянальнага банка Украіны. Заслужаны эканаміст Украіны. Заснавальнік канцэрна «Укрпрамінвест». Уваходзіць у лік самых багатых украінцаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны ў галіне навукі і тэхнікі.
Пасля сканчэння з адзнакаю факультэту міжнародных адносін і міжнароднага права Кіеўскага ўніверсітэта імя Шаўчэнкі (1989) навучаўся ў аспірантуры (1989—1992), працаваў асістэнтам кафедры міжнародных эканамічных адносін.
У 1990—1991 — намеснік генеральнага дырэктара Аб’яднання малых прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў «Рэспубліка». У 1991—1993 кіраваў АТ Біржавы дом «Украіна». У 1993—1998 — генеральны дырэктар ЗАТ «Украінскі прамыслова-інвестыцыйны канцэрн».
У 1998 абраны ў Вярхоўную Раду, уваходзіў у парламенцкую фракцыю аб’яднаных сацыял-дэмакратаў. На пачатку 2000 выйшаў з СДПУ(А) і стварыў фракцыю «Салідарнасць» (пазней — партыя). У складзе выбарчага блоку «Наша Украіна» абіраўся дэпутатам у 2002 і 2006 годах.
З ліпеня 2004 года — намеснік кіраўніка штабу кааліцыі «Сіла народу», з моманту стварэння партыі «Наша Украіна» — у яе кіраўніцтве.
8 лютага 2005 года прызначаны сакратаром Рады нацыянальнай бяспекі і абароны. 5 верасня 2005 пасля вылучэння супраць яго абвінавачванняў з боку колішняга дзяржаўнага сакратара Аляксандра Зінчанкі падаў у адстаўку. Аднак ніводнае з высунутых абвінавачванняў не пацвердзілася, і суд абавязаў Зінчанку прынесці публічныя прабачэнні.
З 22 лютага 2007 года — старшыня Рады Нацыянальнага банка Украіны.
9 кастрычніка 2009 года пастаўлены міністрам замежных спраў Украіны.
23 сакавіка 2012 года прызначаны міністрам эканамічнага развіцця і гандлю Украіны[4].
Са снежня 2012 года — народны дэпутат Украіны 7-га склікання, пазафракцыйны. З пачатку 2014 года — кандыдат у прэзідэнты Украіны на выбарах 2014 года.
25 траўня 2014 года ў першым туры выбараў атрымаў большасць галасоў і быў абраны прэзідэнтам Украіны.
Пётр Парашэнка быў абраны на пасаду Прэзідэнта Украіны ў сітуацыі фактычнай вайны, калі стаяла пагроза страты паўднёва-ўсходняй паловы тэрыторыі. У 2014 годзе Масква ў пакаранне за праеўрапейскі курс Украіны анексавала Крым і адарвала Данбас. Парашэнку ўдалося стабілізаваць сітуацыю. У яго актыве — стварэнне баяздольнай арміі, аднаўленне эканамічнага росту, здабыццё ўкраінскай царквой аўтакефаліі і ўвядзенне бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам. Пасля 2015 года Украіна ўтрымлівала лінію фронту ў Данбасе, а многія кіраўнікі сепаратыстаў былі знішчаны кропкавымі тэрактамі, сярод іх і лідар «Данецкай народнай рэспублікі» Захарчанка. У той жа час казнакрадства ва Украіне працягвалася, а тэмпы эканамічнага росту былі невысокія. Украіна засталася дзяржавай з найніжэйшымі ў Еўропе заробкамі, гэта не шкодзіла прэзідэнту Парашэнку адпачываць на Мальдывах. Нягледзячы на заслугі ў дзяржаўным будаўніцтве, у Пятра Парашэнкі сфарміраваўся значны антырэйтынг[5].
Яго супернік на наступных прэзідэнцкіх выбарах 2019 года Уладзімір Зяленскі падчас дэбатаў паміж кандыдатамі на НСК «Алімпійскі» 19 красавіка, напаярэдадні другога тура адрасаваў Пятру Парашэнку словы: «Я не ваш апанент, я ваш прысуд»[6]. У другім туры прэзідэнцкіх выбараў, які адбыўся 21 красавіка, Пятро Парашэнка саступіў Уладзіміру Зяленскаму і заявіў аб тым што ён пакідае пасаду прэзідэнта краіны з наступнага месяца[7].
У 2002 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Прававое рэгуляванне кіраваннем дзяржаўнымі карпаратыўнымі правамі ва Украіне». Кандыдат юрыдычных навук. Аўтар манаграфіі «Дзяржаўнае кіраванне карпаратыўнымі правамі ва Украіне. Тэорыя фарміравання правастасункаў» і нізкі навуковых публікацый. Суаўтар падручніку «Сучасныя міжнародныя эканамічныя стасункі».
23 снежня 2009 абраны Ганаровым прафесарам Універсітэта банкаўскай справы Нацыянальнага банка Украіны. Заслужаны эканаміст Украіны.
Пётр і Марына Парашэнкі пажаніліся ў 1984 г. У іх чацвёра дзяцей — Аляксей (1985), Яўгенія, Аляксандра (2000), Міхаіл (2001)[12].