ААТ «Полацк-Шкловалакно» — беларускае прадпрыемства ў г. Полацку Віцебскай вобласці.
Будаўніцтва пачата ў 1956 годзе. Першая чарга здадзена ў эксплуатацыю ў 1957 годзе, другая ў 1961—1963 гадах. У 1976 годзе ўведзены ў строй корпус па вытворчасці шкловалакністых краменязёмных матэрыялаў (трэцяя чарга).
3 1981 года — полацкае вытворчае аб’яднанне «Шкловалакно». У 1984 годзе здадзена ў эксплуатацыю вытворчасць па выпрацоўцы бесперапыннага шкловалакна аднастадыйным спосабам. У 1985 годзе аб’яднала першую і другую вытворчасці. 3 2000 года — сучасная назва. Запушчана новая шклоплавільная печ.
Мае культурна-спартыўны комплекс (уваходзіць Палац культуры і Дом фізкультуры), 2 бібліятэкі, паліклініку, санаторый-прафілакторый, 2 аздараўленчыя пункты, 3 дашкольныя ўстановы, музей. Выпускаецца шматтыражная газета «Трудовая смена».
Асноўная прадукцыя: электра, цеплаізаляцыйныя і будаўнічыя матэрыялы, шкловалакно, шклонітка, шклотканіна, шклосетка, шклопластыкавыя лыжныя палкі, тэлескапічныя вудзільні і тэхнічны пластык.
Сёння прадпрыемства вырабляе больш за дзвесце відаў прадукцыі і экспартуе яе больш чым у сорак краін свету. У 2004 годзе «Полацк-Шкловалакно» атрымала экалагічны сертыфікат адпаведнасці патрабаванням нацыянальнага стандарту ІСО-14001-2000. Гэты дакумент сведчыць аб экалагічнай добранадзейнасці вытворчасці[1].
З сярэдзіны 2000-х гадоў ААТ «Полацк-Шкловалакно» перманентна (з перапынкамі[2][3]) знаходзіцца ў санкцыйным спісе спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША[4][5]. Апошняе ўключэнне было ў чэрвені 2021 года[6].