Пасольства Беларусі ў Германіі (Пасольства Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія, ням.: Botschaft der Republik Belarus in der Bundesrepublik Deutschland) — афіцыйнае дыпламатычнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія, размешчанае ў сталіцы дзяржавы — Берліне. Беларускім паслом у Германіі цяпер з’яўляецца Дзяніс Сідарэнка.
У 1919—1925 гг. у Берліне дзейнічала надзвычайная дыпламатычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі[1]. Нягледзячы на тое, што БНР не атрымала афіцыйнага прызнання з боку Германіі, яе дыпламатычная місія была зарэгістравана ў нямецкім Міністэрстве замежных спраў у сакавіку 1919 г.[1] Прадстаўнікі БНР мелі афіцыйныя кантакты з нямецкім урадам[2] і сустракаліся з нямецкім міністрам замежных спраў Вальтарам Зімансам[3]. Місія займалася дапамогай ваеннапалонным беларусам, распаўсюджвала інфармацыю пра Беларусь у нямецкім грамадстве. Пры дыпламатычнай місіі дзейнічала Беларускае прэсавае бюро.
У 1923 г. Германія ўсталявала фармальныя дыпламатычныя адносіны з кантраляванай бальшавікамі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай[4]. Практычна дзвюхбаковых адносін не вялося, пасольстваў у Мінску і Берліне адкрыта не было.
Пасля распаду СССР і аднаўлення незалежнасці Беларусі дыпламатычныя стасункі з Германіяй былі адноўлены з спасылкай на стасункі, усталяваныя ў 1923 годзе[4].
У 1994 годзе ў прысутнасці пасла Пятра Садоўскага, міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі і статс-сакратара міністэрства замежных спраў Германіі Дытэра Каструпа было афіцыйна адкрыта пасольства Беларусі ў Германіі. Яна размяшчалася ў тагачаснай сталіцы Боне па адрасе Fritz-Schäffer-Straße 20[5].
У 1996 г. пасольства была пераведзена ў Берлін пасля таго, як туды была перанесена сталіца Германіі.
Пасольства займае дзве вілы XIX стагоддзя ў раёне берлінскага Трэптаў-парку. Адна з іх да Другой Сусветнай вайны была жылым домам, а ў часы камуністычнай Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі — паштовым аддзяленнем[6].
Другі будынак вядомы як «Віла Луізэ» і быў пабудаваны архітэктарам Паўлем Гёфхенам у 1888 г. Нямецкі паэт Тэадор Фантанэ згадвае гэты дом у сваіх «Падарожжах па Брандэнбургу»[6].
Пасольства Беларусі ў Германіі на Вікісховішчы |