Партулак агародны[3], Партулак звычайны (Portulaca oleracea) — кветкавая расліна роду Партулак (Portulaca) сямейства Партулакавыя (Portulacaceae).
Аднагадовая травяністая расліна. Сцябло даўжынёй да 35—40 см, голае, сакаўное, мясістае, галінастае ад асновы, амаль сцелецца. Лісце простае, суцэльнае, мясістае, сядзячае, чаргаванае, звужанае да асновы. Ніжняе лісце сядзячае, верхняе — амаль супраціўнае. Кветкі дробныя, жоўтага колеру, па 2—3 у пазухах разгалінаванняў сцябла. Плод — каробачка яйцападобнай або амаль круглай формы.
Еўраазіяцкі від. Трапляецца на палях, пясчаных берагах вадаёмаў, узлесках і палянах, камяністых россыпах, засмечаных месцах, уздоўж дарог, як пустазелле на пасевах. Святлолюбівая расліна[4]. Мезафіт і эўтроф[4]. Вырошчваецца ў культуры.
Маладое лісце мае 2,2 % азоцістых рэчываў, 2,1 % безазоцістых экстрактыўных рэчываў, 0,4 % алею; багатае вітамінамі А і С.
Партулак малапатрабавальны да глебавых умоў. Размнажаецца насеннем. Сеюць у прагрэтую глебу радамі з міжрадкоўямі 45 см, на глыбіню 0,5—1 см. Усходы прарэджваюць на адлегласць 12—15 см. Пры ўборцы расліну зразаюць амаль цалкам.
Маладое сакавітае лісце і парасткі партулаку спажываюць у салатах і супах. Яны ўзбуджаюць апетыт, праганяюць смагу, павышаюць тонус, іх рэкамендуюць пры захворваннях печані. Зеляніну марынуюць і выкарыстоўваюць як прыправу для мясных страў. Для сяўбы прыдатныя сарты Зялёны, Жоўты і Залаціста-жоўты.