Партрэт Альжбеты з Радзівілаў[1] — карціна са збораў Нясвіжскага замка, напісаная ў 1733—1737 гадах невядомым мастаком. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь[2][3] (інв. ЗЖ 112. НММ РБ). Памер карціны — 108 × 72 см[2].
Партрэт Альжбеты з Радзівілаў адносіцца да серыі партрэтаў ў лаўровым вянку. Для іх характэрны авал з лаўровага вянка, арол, які трымае герб дома Радзівілаў, і скрутак з надпісам. Партрэты з гэтай серыі ствараліся ў розны час[3]. Да 1939 г. у калекцыі князёў Радзівілаў у Нясвіжы (№ 62, на партрэце № 92 у інвентар 1834 г., № 84 у інвентары 1857 г., № 84 у інвентары 1883 г., № 93 у інвентары 1928 г., № 35 у вопісе 1939 г.). Захоўваўся ў Вялікай сталовай зале (былой Гетманскай) у паўднёвай галерэі[2].
Пасля 1939 г. трапіў у Мінск[2]. Да 1941 года ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР[3]. У 1944 г. вывезены ў Германію. Вернуты ў Мінск з Берліна ў 1947 г[2]. З 1948 года ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у 1948—1968 гадах у Дзяржаўным музеі БССР[3].
Рэстаўрыраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі А. Б. Брындаравым у 1967—1969 гадах у Ленінградзе[3].
Цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск)[3].
Адлюстроўвае Альжбету з Радзівілаў, дачку Мікалая Крыштафа «Сіроткі».
На гэтым партрэце Альжбета прадстаўлена ў форме паўпостаці ў сукенцы-кшталціку вішнёвага колеру з прылягаючым да фігуры станікам і валікамі на плячах, якія аздоблены нашытымі каштоўнымі камянямі. Да станіка хутчэй за ўсё прымацаваны з’ёмныя падбітыя рукавы ласасёвага колеру з балотнай парчы з белымі манжэтамі[4]. Шыя закрыта белай палатнянай фрэзай. На зачасаныя ўверх прыпудраныя валасы надзеты маленькі чорны капялюшык-ток, аблямаваны каштоўнымі камянямі, да якога прышпілена ружовае пяро. Грудзі ўпрыгожаны залатым ланцугом з кулонам з вялікай жамчужынай і калье з каштоўных камянёў. У левай руцэ замест хустачкі жанчына трымае галінку з кветкамі[4].
Другім мужам Альжбеты з Радзівілаў гравюра з партрэтнай галерэі Радзівілаў называе ваяводу віцебскага Крыштафа Кішку, але гэты факт, хоць і шырока растыражаваны ў літаратуры, не знаходзіць пацверджання ні ў біяграфіі К. Кішкі, ні ў логіцы падзей. Габрыэль Тэнчынскі памёр у 1617 годзе, а праз год памерла і сама Альжбета. Малаверагодна, што яна магла ажаніцца хоць з кім у такім хуткім часе. Да таго ж Рэгіна Галоўчынская, першая жонка Крыштафа Кішкі, памерла толькі ў 1640 годзе. Аднак гэтая гістарыяграфічная недарэчнасць адлюстравалася ў назве партрэта і замацавалася ў такім выглядзе ў мастацтвазнаўчай літаратуры.