.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw{display:inline-block}.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a::first-letter,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw::first-letter{text-transform:capitalize}
Павел Філіп (рум.: Pavel Filip; нар. 10 красавіка 1966 года, Пэнэшэшць, Малдаўская ССР, СССР) — малдаўскі дзяржаўны дзеяч. 20 студзеня 2016 года парламентам Малдовы зацверджаны на пасадзе прэм’ер-міністра краіны[3]. З 2011 па 2016 год з’яўляўся міністрам інфармацыйных тэхналогій і сувязі Малдовы. Віцэ-прэзідэнт Дэмакратычнай партыі Малдовы.
Павел Філіп нарадзіўся 10 красавіка 1966 года ў сяле Пэнэшэшць, Страшэнскага раёна, Малдаўскай ССР.
У 1983 годзе паступіў у Кішынёўскі політэхнічны інстытут ім. Лазо, які скончыў у 1990 годзе, атрымаўшы дыплом інжынера-механіка. Пры гэтым, у 1984-86 гг. Філіп праходзіў службу ў арміі. Сваю адукацыю Павел Філіп працягнуў у Міжнародным інстытуце менеджменту (1991—1996)[4].
Працоўную кар’еру пачаў на кішынёўскай цукеркавай фабрыцы «Букурыя». У 1991—1993 гадах прапрацаваў на фабрыцы начальнікам кампрэсарнага аддзела; у 1993—1994 гадах быў дырэктарам аддзела вытворчасці. З 1998 па 2001 года займаў пасаду галоўнага інжынера АТ «Букурыя», сумяшчаючы яе з пастом намесніка ген. дырэктара па праблемах вытворчасці і тэхналогіі. З 2001 па 2008 год з’яўляўся генеральным дырэктарам фабрыкі[5].
У 2008—2011 гг. Павел Філіп з’яўляўся генеральным дырэктарам тытунёвай фабрыкі АТ «TUTUN-CTC» (былы Кішынёўскі тытунёвы камбінат)[6].
У палітыку Філіп прыйшоў у 2011 годзе, калі быў прызначаны на пасаду міністра інфармацыйных тэхналогій і сувязі Малдовы у кабінеце Філата. Надалей, Павел Філіп быў пераабраны на гэтым пасту ў кабінетах Юрые Лянкэ, Кірыла Габурыча і Валерыя Стральца. Па яго ініцыятыве была распрацавана стратэгія «Лічбавая Малдова — 2020».
Жанаты з Таццянай Філіп[7]. У сям’і Філіп двое сталых дзяцей. Апроч роднай румынскай мовы, валодае рускай і англійскай[5].