Яго Эксцэленцыя Паала (Павел) Пецы FSCB (італ.: Paolo Pezzi, руск.: Павел Пецци; нар. 8 жніўня 1960) — італьянскі і расійскі рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч. Арцыбіскуп, Мітрапаліт мітраполіі Маці Божай з цэнтрам у Маскве, сустаршыня савета Хрысціянскага міжканфесійнага кансультацыйнага камітэта краін СНД і Балтыі.
Нарадзіўся 8 жніўня 1960 года ў Русі (Эмілія-Раманья, Італія).
У 1985—1990 гадах атрымліваў адукацыю ў галіне філасофіі і тэалогіі ў Папскім Універсітэце Святога Тамаша Аквінскага[3].
Валодае італьянскай, рускай, англійскай, іспанскай і партугальскай мовамі.
Атрымаў хіратонію прэсвітара 22 снежня 1990 года. Абараніў доктарскую дысертацыю па пастырскай тэалогіі ў Папскім Латэранскім універсітэце па тэме «Каталікі Сібіры: паходжанне, ганенні, сённяшні дзень» (італ. «Cattolici in Siberia, le origini, le persecuzioni, l’oggi»).
У 1993—1998 гадах дэкан цэнтральнага рэгіёна Сібіры (цяперашняй Праабражэнскай дыяцэзіі з цэнтрам у Новасібірску) і галоўны рэдактар «Сібірскай каталіцкай газеты» (рус. Сибирская католическая газета).
У 1998—2005 гадах генеральны вікарый Святарскага Брацтва місіянераў Святога Карла Барамеа, адказны за дзейнасць руху «Comunione e Liberazione» у Расіі.
З 2004 года выкладае ў Санкт-Пецярбургскай семінарыі «Марыя — Царыца Апосталаў», з 2006 года па 2008 год з’яўляўся яе рэктарам.
21 верасня 2007 года прызначаны на кафедру архідыяцэзіі Маці Божай з цэнтрам у Маскве замест арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які быў пераведзены ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.
Біскупская хіратонія Паала Пецы адбылася 27 кастрычніка 2007 года. Галоўным кансекрантам быў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — яго папярэднік на пасадзе кіраўніка архідыяцэзіі Маці Божай з цэнтрам у Маскве. Двума іншымі кансекрантамі былі Апостальскі нунцый Антоніа Меніні і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі біскуп Іосіф Верт. Таксама на хіратоніі прысутнічалі расійскія біскупы Клеменс Пікель і Кірыл Клімовіч, Мітрапаліт архідыяцэзіі Найсвяцейшай Дзевы Марыі з цэнтрам у Астане Томаш Пэта і Біскуп Парынцінскі Джуліяна Фрыджэні.
Пасля хіратоніі з прывітальным словам да біскупа Паала Пецы звярнуўся нунцый Антоніа Меніні. Прысутны на богаслужэнні ад Рускай Праваслаўнай Царквы намеснік старшыні аддзела знешніх царкоўных сувязей Усевалад Чаплін зачытаў прывітанні ад Патрыярха Аляксія II і Мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага Кірыла. Таксама былі зачытаныя віншаванні ад свецкіх улад і ад галоўнага рабіна Масквы Пінхаса Гольдшміта[4][5].
19 студзеня 2010 года дэкрэтам Вялікага Магістра Ордэна Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай кардынала Джона Патрыка Фолі прызначаны Вялікім Прыёрам дэлегатуры Ордэна ў Расійскай Федэрацыі[6].
26 ліпеня 2011 года атрымаў расійскае грамадзянства[7].
19 студзеня 2011 года абраны Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі тэрмінам на тры гады[8]. У 2014 годзе быў пераабраны на новы тэрмін[9]. У сакавіку 2020 года зноў абраны на пасаду Старшыні Канферэнцыі[10].
З 27 кастрычніка 2012 года з’яўляецца членам Папскага Савета «Cor Unum»[11].