Нівальна-гляцыяльная зона (пояс) — самы верхні ландшафтна-кліматычны пояс у гарах. Ён размешчаны звычайна вышэй снегавой лініі, хоць з-за мецелевай і лавіннай канцэнтрацыі снегу, а таксама высоўвання ледавіковых языкоў на больш нізкія гіпсаметрычныя ўзроўні ўчасткі нівальна-гляцыяльнай зоны можна сустрэць і ніжэй мяжы жыўлення ледавікоў [1].
У палярных і субпалярных абласцях гэтая зона часта апускаецца да ўзроўню мора і нават ніжэй (у некаторых сектарах краю Антарктычнага ледавіковага полага). Ва ўнутрыкантынентальных абласцях нівальна-гляцыяльная зона займае самае высокае становішча. Так, у арыдных гарах Цэнтральнай Азіі, а таксама ў паўднёваамерыканскіх Андах гэты пояс падымаецца часам вышэй 6500 м над узроўнем мора.
Для нівальна-гляцыяльнай зоны характэрныя нівальна-гляцыяльныя кліматы і, адпаведна, наяўнасць нівальна-гляцыяльных сістэм, то ёсць шматгадовых запасаў снегу, фірну і лёду — пераважна, у складзе ледавікоў. У цэлым нівальна-гляцыяльнай зоне ўласціва спалучэнне снежнікаў і ледавікоў з выхадамі карэнных парод, асыпкамі, курумамі. Тут інтэнсіўна адбываюцца працэсы фізічнага, галоўным чынам марознага, выветрывання.
Арганічны свет бедны, аднак даволі экзатычны. У высакагор’і нівальна-гляцыяльнага поясу можна сустрэць снежных барсаў (ірбісаў), мядзведзяў, горных бараноў — тэкё і г. д. [1] Глебы на адкрытых ад снегу і лёду паверхнях прымітыўныя, шкілетныя, ці адсутнічаюць зусім.