Наваржэўскі раён (руск.: Новорже́вский райо́н) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка (раён) і муніцыпальнае ўтварэнне (муніцыпальны раён) у цэнтры Пскоўскай вобласці Расіі. Адміністрацыйны цэнтр — горад Наваржэў.
Раён мяжуе на поўначы з Остраўскім, Порхаўскім і Дзедавіцкім, на паўночным усходзе і ўсходзе — з Бяжаніцкім, на захадзе — з Пушкінагорскім, на поўдні — з Апочацкім раёнамі.
Плошча раёна — 1682 км². Асноўныя рэкі — Сораць і яе прыток Льста. Паўночную частку раёна складае Сорацкая нізіна, на поўдні — Бяжаніцкае ўзвышша з вышэйшым пунктам Пскоўскай вобласці гарой Лобна (339,4 м), на крайняй поўначы раёна — паўднёвыя схілы Судомскага ўзвышша.
Раён утвораны 1 жніўня 1927 года ў складзе Ленінградскай вобласці. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 жніўня 1944 года ўвайшоў у склад наноў утворанай Пскоўскай вобласці.