У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Барэйша. Міхась Уладзіміравіч Барэйша (нар. 4 студзеня 1950, в. Новы Лад, Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць — 13 жніўня 1990, Беларусь) — беларускі паэт, празаік, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1989). Член Саюза журналістаў СССР (1981).
Вучыўся ў Дзёрнавіцкай васьмігодцы, з 1965 па 1969 год. Скончыў Наваполацкі нафтавы тэхнікум. Працаваў на Полацкім хімічным камбінаце. Адначасова скончыў завочна факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Служыў на Балтыйскім флоце, працаваў і жыў у Наваполацку.
З’яўляўся няштатным карэспандэнтам гарадской газеты «Химик». З 1980 года — карэспандэнт, з 1983 — намеснік рэдактара полацкай аб’яднанай газеты «Сцяг камунізму». Кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Наддзвінне», быў намеснікам старшыні полацкай суполкі Таварыства беларускай мовы.
Пасля цяжкай хваробы памёр. Быў пахаваны ў Наваполацку, па іншай інфармацыі на могілках каля вёскі Новы Лад[1].
Друкавацца пачаў у 1973 годзе. У рэспубліканскім друку дэбютаваў у 1980 годзе. Апавяданні публікаваліся ў калектыўным зборніку «Сустрэча», анталогіі «Апавяданні пра Вялікую Айчынную». Героі твораў пісьменніка — людзі, якія імкнуцца адшукаць свой шлях у жыцці, нясуць адказнасць за ўсё, што ў ім адбываецца. Падзеі ваенных гадоў аналізуюцца аўтарам з пазіцый сённяшняга дня.
У 1980 годзе за публікацыю апавяданняў у часопісе «Маладосць» яму прысуджана прэмія гэтага выдання. М. Барэйша быў удзельнікам VIII Усесаюзнай нарады маладых літаратараў у Маскве.
Аўтар гумарэсак, нарысаў, эсэ.