У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бахар. Міхась Бахар (17 кастрычніка 1929, в. Сцюдзёнка, Вілейскі раён, Мінская вобласць — 11 лютага 2007, Саўт-Рывер, Нью-Джэрсі, ЗША) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч у ЗША.
Летам 1944 г. разам з бацькамі выехаў на эміграцыю. Пасля капітуляцыі Германіі апынуліся ў французскай акупацыйнай зоне Германіі. Вучыўся ў расійскай гімназіі ў Штутгарце. У ЗША з 1951 года. Напачатку паводле кантракту Бахары працавалі ў штаце Місісіпі на фермерскай гаспадарцы. У Місісіпі Міхась скончыў універсітэт з дыпломам інжынера-электрыка (1959 г.). Пазней сям’я Бахараў пераехала ў Ёнкерс (штат Нью-Ёрк), а Міхась пасля шлюбу з Любоўю Урыўскай у 1961 годзе пераехаў у Саўт-Рывер. Браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, быў членам рэдкалегіі часопіса «Беларуская моладзь», належаў да Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі (БККА) (у 1980-я г. віцэ-старшыня), парафіі Св. Еўфрасінні Полацкай, узначальваў Беларуска-амерыканскі культурны цэнтр. Дзякуючы яго старанню саўт-рыверская грамада атрымала ў канцы 1960-х г. за мінімальную плату зямельны ўчастак пад пабудову новай царквы і Грамадскага цэнтру. Быў скарбнікам акруговай арганізацыі Рэспубліканскай партыі, належаў да Амерыканскай асацыяцыі інжынераў-электрыкаў. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.