wd wp Пошук:

Міхал Ксаверы Зыгмунт Ельскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ельскі. Міхал Ксаверы Зыгмунт Карлавіч Ельскі (8 кастрычніка 1831, в. Дудзічы Ігуменскага пав., цяпер Пухавіцкі р-н — 1904) — скрыпач , кампазітар , музычны пісьменнік.

Біяграфія

Дзед М. Ельскага Станіслаў быў пяцігорскім палкоўнікам у часы С. А. Панятоўскага і быў ў шлюбе з Розай Прозар, дачкой віцебскага ваяводы. Яго бацька Караль, уладальнік маёнткаў Дудзічы і Замосце, быў скрыпачом-аматарам, атрымаў у свой час прафесійную падрыхтоўку ў вядомых музыкантаў Кіфелінга і Дашчынскага, напісаў некалькі твораў для скрыпкі, у тым ліку і «Паланэз 1837 года», ажаніўся са сваёй гувернанткай Людвікай Штайбух, ад гэтага шлюбу нарадзіліся Міхаіл — музыкант і кампазітар, уладальнік Дудзіч, Аляксандр — уладальнік Замосця, Юзаф — маладым памёр у Сібіры пад час службы ў расійскім войску, Станіслава (у шлюбе Грушвіцкая).

У 18451847 вучыўся ў гімназіі ў г. Лаздэне (Усходняя Прусія), дзе браў урокі ў скрыпача Эндома. У 1847 ён вярнуўся да бацькоў і пачаў вучыцца ў вопытнага скрыпача, выдатнага спевака, кампазітара і педагога Канстанціна Кжыжаноўскага[3]. Кжыжаноўскі пачаў запрашаць Міхала для сумесных выступленняў у канцэртах. Першы ж канцэрт прынёс поспех. Для ўдасканалення музычнага майстэрства бацька паслаў сына ў Вільню, дзе ён браў урокі ў вядомага скрыпача-віртуоза Вікенція Банькевіча. Заняткі музыкай М. Ельскі сумяшчаў з вучобай у Віленскім дваранскім інстытуце, які скончыў у 1849. У 1849 Міхал Ельскі пераехаў у Кіеў, дзе ў якасці вольнага слухача наведваў лекцыі па правазнаўству ў Кіеўскім універсітэце і адначасова працаваў юрыстам у судзе. Але праца не задавальняла яго, і ў хуткім часе М. Ельскі вырашыў заняцца прафесійнай кампазітарскай і выканаўчай дзейнасцю. Выступаў з канцэртамі ў Кіеве і Мінску, станавіўся ўсё больш вядомым. У 1852 у Кіеве ў выдавецтве Антона Кацыпінскага былі надрукаваны першыя творы М. Ельскага «Скрыпічныя мініяцюры». У 1860 М. Ельскі выехаў для ўдасканалення выканаўчага майстэрства і музычнай адукацыі за мяжу. Выступаў з канцэртамі ў Кракаве, Вроцлаве, Парыжы, у Франкфурце-на-Майне, Мюнхене, Берліне. Падчас знаходжання ў Парыжы браў урокі ў знакамітага бельгійскага віртуоза Анры В’ётана, а ў Мюнхене ўдасканальваўся пад кіраўніцтвам вядомага нямецкага кампазітара і дырыжора Франца Лахнера. Рэпертуар М. Ельскага складаўся ў той час з найбольш знакамітых твораў скрыпічнай музыкі Баха, Віёці, Паганіні, В’ётана, Эрнста, Ліпінскага, Берыа, Шпора, з уласных музычных твораў.

У 1862 М. Ельскі пасяліўся ў Дудзічах, адкуль часта выязджаў з канцэртамі ў Мінск і Вільню. У 1884 выступаў у Варшаўскім музычным таварыстве, потым зрабіў новае турнэ па Германіі. У 1902 вялікім канцэртам у Дудзічах адзначыў паўстагоддзя сваёй канцэртавай дзейнасці.

Першая жонка — Алена Козел, другі раз ажаніўся з Марыяй Барановіч, з якой меў дачку Соф’ю.

Творчасць

Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, дабрачынных канцэртах, быў адным са стваральнікаў у 1880 Мінскага музычна-літаратурнага таварыства. Сабраў і занатаваў дзесяткі народных мелодый. У рукапісе захавалася яго праца «Народныя танцы Мінскай губерні» (зберагаецца ў Варшаўскім універсітэце). Аўтар каля 100 музычных твораў, сярод іх — два скрыпічныя канцэрты, фантазіі на арыгінальныя тэмы, фантазіі на тэмы польскіх народных мелодый, Саната-фантазія, фантазія «Вясна», канцэртныя мазуркі, вялікая колькасць паланезаў, варыяцый, мініяцюр. Па сённяшні дзень фантазіі Ельскага на арыгінальныя тэмы крытыка называе бліскучымі.

Аўтар шэрагу артыкулаў і нарысаў для польскай газеты «Ruch muzyczny» («Музычны рух») пра кампазітараў і музыкантаў, пра розных іншых асоб і факты з айчыннай музычнай гісторыі. Сярод іх — артыкулы «Некалькі ўспамінаў з музычнага мінулага Літвы», «З нагоды скрыпічнай методыкі», «Параўнанне Паганіні з Ліпінскім і некалькі слоў аб скрыпічнай музыцы». У 1899 у Мінску выйшла яго праца «Вывучэнне музыкі» («Studya myzuczne»), у якой знайшлі адлюстраванне яго погляды на музыку як спецыфічны мастацкі жанр.

Зноскі

  1. Michal Jelski // Musicalics Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Michał Jelski // RISM: Répertoire international des sources musicales — 1952.
  3. К. Кжыжаноўскі тады адзін з найбольш вядомых, аўтарытэтных мінскіх музыкантаў.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Нарадзіліся 8 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дудзічах
Катэгорыя·Кампазітары паводле алфавіта
Катэгорыя·Выпускнікі Кіеўскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Ельскія
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага шляхецкага інстытута
Катэгорыя·Кампазітары Расійскай імперыі
Катэгорыя·Скрыпачы паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 верасня
Катэгорыя·Памерлі ў 1904 годзе
Катэгорыя·Ельскія
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Скрыпачы Расійскай імперыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1831 годзе
Катэгорыя·Кампазітары Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Скрыпачы Беларусі