wd wp Пошук:

Міхал Горнік

Міхал Горнік (, ням.: Michael Hornig; 1 верасня 1833, Рэкельвіц (Ворклецы), Саксонія — 22 лютага 1894, Баўтцэн, Саксонія) — каталіцкі святар, сербалужыцкі мовазнавец, пісьменнік, публіцыст, перакладчык, заснавальнік і рэдактар газеты Katolski Posoł і часопісаў Łužičan і Serbski Hospodar, старшыня таварыства «Маціцы Сербскай» (з 1882 года), прымаў актыўны ўдзел у сербалужыцкім нацыянальным адраджэнні ХІХ стагоддзя[2][3][4].

Біяграфія

Міхал Горнік нарадзіўся ў 1833 годзе ў вёсцы Ворклецы (в.-луж.: Worklecy, ням.: Räckelwitz) пад Каменцам у Верхняй Лужыцы, пасля заканчэння сярэдняй школы ў Баўтцене ў 1847 годзе паступіў у Лужыцкую семінарыю ў Празе. Адначасова навучаўся таксама ў Маластранскай гімназіі і на багаслоўскім факультэце Карлавага універсітэта. У перыяд навучання ў Празе быў членам, а затым і старастам студэнцкага гуртка «Сербаўка», які дзейнічаў пры Лужыцкай семінарыі. У 1852 годзе апублікаваў на старонках газеты «Tydźeńske Nowiny» свой першы літаратурны твор «Brancelej». Падчас навучання ў Празе, апублікаваў у літаратурным часопісе «Kwětki», які выдавала братэрства «Сербаўка», каля 40 вершаў і перакладаў, у тым ліку пераклад на верхнялужыцкую мову «Слова пра паход Ігаравы»[5]. У 1856 годзе вярнуўся на радзіму і 24 верасня 1856 года быў пасвечаны ў сан святара. У 1871 годзе быў прызначаны пробашчам касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баўтцэне. Знаходзіўся на гэтай пасадзе да 1890 года. 24 кастрычніка 1890 года быў прызначаны асесарам кансісторыі і канонікам капітула сабора святога Пятра[2].

У 1850-х гадах Міхал Горнік разам з Янам Смолером займаўся стварэннем і удасканаленнем адзінага верхнялужыцкага правапісу[6].

З 1860-х гадоў актыўна ўдзельнічаў у культурным і грамадскім жыцці лужыцкіх сербаў. З 1859 года па 1894 год выкладаў верхнялужыцкую мову ў каталіцкім педагагічным вучылішчы ў Баўтцэне. У 1860 годзе ім быў заснаваны сербалужыцкі часопіс «Лужычан» (в.-луж.: Łužičan). У 1861 годзе разам з А. Я. Смолерам быў абраны членам-карэспандэнтам Харкаўскага універсітэта. У 1862 годзе з яго удзелам была створана «Таварыства святых Кірылы і Мяфодзія» — аб’яднанне лужыцкіх сербаў-каталікоў, асноўнымі мэтамі якога былі прадстаўленне інтарэсаў лужычанаў у рамках каталіцкай царквы і падтрымка і распаўсюджванне культуры славянскіх меншасцяў. У гэтым жа годзе ім было распачата выданне часопіса Katolski Posoł — царкоўнай газеты славянаў-каталікоў Верхняй Лужыцы, а таксама была апублікаваная хрэстаматыя верхнялужыцкай прозы. У 1858 годзе заснаваў штомесячны літаратурны дадатак «Mĕsačny Přidawk» газеты «Serbske Nowiny», які ў 1860 годзе быў пераўтвораны ў літаратурны часопіс «Łužičan», які стаў друкаваным органам младасербаў. З 1881 года выдаваў часопіс «Сербскі гаспадар» (в.-луж.: Serbski Hospodaŕ)[7].

У 1858 годзе стаў сакратаром сербалужыцкага нацыянальнага культурна-асветніцкага таварыства «Маціца Сербская» (в.-луж.: Maćica Serbska). З 1873 года выконваў абавязкі намесніка старшыні, а ў 1882 годзе яго абралі старшынёй таварыства. З 1868 па 1894 год быў рэдактарам часопіса «Časopis Maćicy Serbskeje»[2] і з 1880-1882 год — рэдактарам літаратурнага часопіса «Pratyja» на ніжнялужыцкай мове.

У 1889 годзе выпусціў зборнік малітваў і спеваў на верхнялужыцкай мове «Wosadnik» для выкарыстання ў каталіцкіх парафіях.

Памёр 22 лютага 1894 года ў Баўтцэне і быў пахаваны на могілках святога Мікалая каля руін царквы Святога Мікалая побач з магілай Філіпа Рэзака.

Унёсак у навуку

Акрамя грамадскай дзейнасці М. Горнік вядомы як аўтар шэрагу навуковых твораў. У першую чаргу гэта — «Гісторыя сербалужыцкага народа» (в.-луж.: Stawizny Serbskeho naroda), напісаная сумесна з В. Багуслаўскім (выдадзена ў Баўтцэне у 1884 годзе)[2]. Разам з К. Б. Пфулем і Г. Зэйлерам . М. Горнік удзельнічаў у стварэнні «Лужыцка-сербскага слоўніка» (в.-луж.: Łužiski serbski słownik) (1866). Таксама М. Горнік з’яўляецца аўтарам перакладу Новага Запавету на новы варыянт каталіцкай верхнялужыцкай мовы, які паказвае яго змены да XIX стагоддзя. Дзякуючы намаганням М. Горніка разам з іншымі прадстаўнікамі нацыянальнага сербалужыцкага адраджэння (Я. А. Смолера, К. Б. Пфуля, Г. Зэйлера, Я. Радысерба-Велі) была створана аснова для аб’яднання двух варыянтаў верхнялужыцкай літаратурнай мовы, каталіцкага і пратэстанцкага[4][8][9].

Узнагароды

Памяць

У 1956 годзе жыхарамі Рэкельвіца усталяваны помнік М. Горніку, у Баўтцэнее і Кроствіцэ у яго гонар названы вуліцы.

Зноскі

  1. 1 2 Michał Hórnik // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. 1 2 3 4 Лаптева Л. П., Кунце П. История серболужицкого народа. — С. 15.
  3. Литература второй половины XIX в. (ред. И. А. Бернштейн) // История мировой литературы. — В 9 т. / ред. Ю. Б. Виппер. — М.: Наука, 1991. — Т. 7. — С. 517—518. — ISBN 5-02-011439-1.
  4. 1 2 Ермакова М. И. Функционирование серболужицкого языка // Язык. Этнос. Культура. — М., 1994. — С. 151—165.
  5. Гугнин А. А., Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней, стр. 112
  6. Трофимович К. К. Развитие верхнелужицкого литературного языка в середине XIX века // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. — М.: Наука, 1978. — С. 179—180.
  7. Трофимович К. К. Развитие верхнелужицкого литературного языка в середине XIX века // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. — М.: Наука, 1978. — С. 168—169.
  8. Трофимович К. К. Развитие верхнелужицкого литературного языка в середине XIX века // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. — М.: Наука, 1978. — С. 171.
  9. Трофимович К. К. Развитие верхнелужицкого литературного языка в середине XIX века // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. — М.: Наука, 1978. — С. 206.
  10. Nekrolog XXXI, Časopis Maćicy Serbskeje, 1895, стр. 148

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Памерлі ў 1894 годзе
Катэгорыя·Лужыцкія грамадскія дзеячы
Катэгорыя·Панславісты
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без альма-матар
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1833 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 верасня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Члены Маціцы серба-лужыцкай
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Саксоніі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў Баўтцэне
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Святога Мікалая (Баўтцэн)
Катэгорыя·Мовазнаўцы Германіі
Катэгорыя·Памерлі 22 лютага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Лужыцкія публіцысты
Катэгорыя·Славісты Германіі