wd wp Пошук:

Міхал Аскерка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Аскерка. Міхал Андрэевіч Аскерка (1836, Мінск — 28 красавіка 1864, Магілёў) — урач, дзеяч групоўкі «чырвоных» у паўстанні 1863—1864 гадоў. Быў паўстанцкім камісарам у Магілёўскай і Мінскай губерніях.

Біяграфія

Належаў да старажытнага каталіцкага шляхецкага роду Аскеркаў. Нарадзіўся ў сям’і двараніна Андрэя Аскеркі і Марыі Горват. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1860) і выехаў за мяжу. З 1862 працаваў хатнім урачом у Сенненскім і Ашмянскім паветах. Даведаўшыся ў 1863 пра пачатак паўстання, паехаў у Вільню, дзе яму ад імя «чырвоных» даверылі стаць паўстанцкім камісарам у Магілёўскай губерні. Затым паехаў у Санкт-Пецярбург, каб знайсці там патрыятычна настроеных афіцэраў. Паўстанне на Магілёўшчыне пачалося 5 мая 1863, але хутка пацярпела паражэнне. Пасля гэтага Міхал Аскерка перанёс сваю дзейнасць у Мінск і Ігуменскія лясы. У жніўні пераняў ад Баляслава Часлававіча Свентаржэцкага функцыі паўнамоцнага паўстанцкага камісара Мінскай губерні. Арганізаваў выезд за мяжу некалькіх паўстанцаў.

21 кастрычніка 1863 выехаў у Санкт-Пецярбург з падробленым пашпартам, на станцыі Астроўская быў арыштаваны. Падчас следства ў Санкт-Пецярбургу і Магілёве адмаўляўся даваць паказанні. Але яго паплечнікі, якім сказалі, што ён памёр, раскрылі ролю Міхала Аскеркі ў паўстанні. 22 красавіка 1864 Віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў падпісаў смяротны прыгавор. Родныя і сябры стараліся дабіцца змякчэння прысуду. Мураўёў крывадушна пагадзіўся. Але паведамленне пра адмену смяротнага пакарання было накіравана ў Магілёў вечарам пасля экзекуцыі, якая адбылася 28 красавіка. Дадзеная калізія апісана Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам у рамане «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 16 сакавіка 2022.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
Катэгорыя·Памерлі ў 1864 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Слуцкай гімназіі
Катэгорыя·Род Аскеркаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Памерлі ў Магілёве
Катэгорыя·Памерлі 28 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Аскеркі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1836 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі медыцынскага факультэта МДУ
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы