wd wp Пошук:

Леаніды не вернуцца да Зямлі

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) — раман Уладзіміра Караткевіча, складзены з пралога, які ўяўляе сабой асобную скончаную гісторыю, і з 33 раздзелаў. У яго ўключаны вершы, напісаныя быццам бы галоўным героем Андрэем Грынкевічам. Сам пісьменнік вызначыў раман як «амаль што сентыментальны».

Раман быў надрукаваны ўпершыню ў часопісе Полымя ў нумарах 5, 6. Планавалася выданне кнігі «Леаніды не вернуцца да Зямлі», куды павінны былі ўвайсці аднайменны раман і аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», аднак Караткевіча абвінавацілі ў абстрактным гуманізме, і восенню 1963 г. набор кнігі быў рассыпаны. Асобным кніжным выданнем на беларускай мове раман пад назвай «Нельга забыць» выйшаў у 1982 г.

Рукапіс рамана захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, пад назвай «Няма забыцця», з паметай на адвароце першай старонкі: Пачаў у верасні 60 г.

Раман прысвечаны памяці сябра Караткевіча Гераніма Стулпана.

Сюжэт

Пралог

Падчас паўстання Кастуся Каліноўскага кіраўнік атрада інсургентаў Усяслаў Грынкевіч узяты ў палон і асуджаны на смерць. Але яго жонка атрымлівае ад Мураўёва памілаванне для мужа — замену смяротнага пакарання на пажыццёвую катаргу. Для таго, каб вызваліць мужа, ёй трэба перабрацца на іншы бераг ракі. Але рака ўсхадзілася, немагчыма пераплыць на пароме, бо знясе, і афіцэр Пора-Леановіч адмаўляе жанчыне ў дапамозе. Рускі капітан Юрый Гораў дапамагае Грынкевічавай трапіць на другі бок ракі, але яна ўсё адно спазняецца на 10 хвілін. Аказваецца, калі інсургентам даюць такое памілаванне, у турму пасылаюць пасланца перадаць, каб спяшаліся з выкананнем прысуду, і калі памілаванне прыходзіць, мілаваць ужо няма каго. Калі Гораў даведваецца аб гэтым, ён выклікае Пора-Леановіча на дуэль і забівае яго. Жонка Грынкевіча вырашае дабіцца справядлівасці, яе высылаюць у Сібір.

Асноўная частка

Праўнук Грынкевіча Андрэй, трыццацігадовы паэт, вучыцца ў Маскве, але ў яго творчасці не хапае палёту. Андрэй лічыць, што ён ніколі не зможа пакахаць, ён не можа забыць старой раны: дзесяць год назад загінула ў аўтамабільнай аварыі яго маладая жонка — Алёна Століч. Але аднойчы ён прыходзіць на лекцыю па тэорыі мастацтва, якую чытае Ірына Горава, яе думкі ўражваюць яго. Андрэй ўлюбляецца ў выкладчыцу. Але Горава замужам, Андрэй вельмі пакутуе ад невызначанасці іх адносін. Знайшоўшы каханне, ён пачынае пісаць цудоўныя глыбокія вершы, яго паэзія набывае тое, чаго так не хапала. Горава то прызнаецца яму ў каханні, то становіцца да яго халоднай, яна нават спрабуе звесці Андрэя са сваёй сяброўкай — прыгожай і разумнай мастачкай Ганнай. У адзін з вечароў Андрэй вырашае скончыць жыццё самагубствам, але праз некалькі гадзін, паразмаўляўшы са сваім сябрам Янісам Вайвадсам, разумее, што гэта агідная баязлівасць. Урэшце, Горава вырашае кінуць мужа і быць з Андрэем, але пасля складанай аперацыі на сэрцы яна памірае.

Цікавыя факты

Літаратура

Караткевiч У. Нельга забыць/ У. Караткевiч.— Мн.:Маст. Лiт., 1982. — 335 с.

Тэмы гэтай старонкі (4):
Раманы на беларускай мове
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Творы Уладзіміра Караткевіча
Літаратурныя творы паводле алфавіта