У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Федароўскі. Міхал (Міхаіл) Адольфавіч Федароўскі (1 верасня 1853, Варшава — 10 чэрвеня 1923, Варшава) — беларускі і польскі фалькларыст, этнограф, археолаг.
Нарадзіўся ў сям’і варшаўскага мешчаніна, кашуба па паходжанні, які ажаніўся з полькай Элеанорай Гансовіч. У 1877—1904 гг. жыў на Беларусі. У 1877 г. пасля выхаду ў адстаўку з ваеннай службы пераехаў у свой маёнтак у Пружанскім павеце, дзе пражыў 27 гадоў.
Збіраў кнігі, творы жывапісу і графікі, гістарычныя, фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, вёў археалагічныя раскопкі ў Пружанскім, Ваўкавыскім і іншых паветах Гродзенскай губерні. Сабраў каля 1,5 тыс. беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 тыс. беларускіх народных песень, каля 10 тыс. прыказак, сотні казак, загадак і іншых твораў, якія выданыя у 8-томнай працы «Люд беларускі» (1887—1981). Значную частку сваіх збораў запісаў на Сакольшчыне, Янаўшчыне, Дуброўшчыне, у ваколіцах Беластоку, Нараўкі. Таксама аўтар этнаграфічнай працы «Пружана і яе ваколіцы».