wd wp Пошук:

Мікола Трус

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Трус.

Мікола (Мікалай Валянцінавіч) Трус (нар. 21 снежня 1969, в. Ісаевічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці) — беларускі славіст, літаратуразнаўца, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук (2000), дацэнт (2004, спецыяльнасць «Літаратуразнаўства»).

Біяграфія

Скончыў з адзнакай Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1993; спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура»), аспірантуру пры кафедры замежнай літаратуры БДУ (1996; спецыяльнасць «Літаратура народаў замежных краін»), дактарантуру Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (філіял «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы») (2020; спецыяльнасць «Беларуская літаратура»).

Вучоба ў БДУ перарывалася тэрміновай службай у радах Савецкай Арміі (1988—1989).

Прайшоў перападрыхтоўку па англійскай мове на спецыяльным факультэце па перападрыхтоўцы кіруючых работнікаў і спецыялістаў народнай гаспадаркі ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (1995—1997). Стажыраваўся ў Люблянскім універсітэце (Славенія), ва ўніверсітэце Я. А. Коменскага ў Браціславе (Славакія).

У 1996—2011 гадах працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце на кафедры славянскіх літаратур і кафедры замежнай літаратуры — выкладчык, дацэнт, загадчык кафедры (філалагічны факультэт).

Адначасова з вучобай і працай у БДУ працаваў у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (1993—2000; дырэктар музея ў 1998—2000). Памочнік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2002).

У 2011—2016 гадах — загадчык кафедры беларускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (факультэт выдавецкай справы і паліграфіі).

З 2017 года — у сістэме Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом „Звязда“»: намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» (2017—2021); намеснік галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (з 2021 года).

Навуковая дзейнасць

Тэма кандыдацкай дысертацыі: «Славенскі мадэрн і беларуская паэзія нашаніўскага перыяду» (БДУ, 2000; 10.01.05 — Літаратура народаў замежных краін; 10.01.01 — Беларуская літаратура); навуковы кіраўнік — доктар філалагічных навук, прафесар Іван Аляксеевіч Чарота.

Займаецца параўнальным літаратуразнаўствам, даследуе гісторыю літаратур і культур славянскіх народаў, беларускую літаратуру ў еўрапейскім і сусветным кантэксце.

Працуе ў кірунку музейна-экспазіцыйнай, архіўна-пошукавай дзейнасці. Рэалізаваў шматлікія аўтарскія навукова-даследчыя праекты ў Беларусі, Літве, Расіі, Славакіі, Чэхіі, Украіне і інш. Аўтар шматлікіх публікацый, заснаваных на знаходак і сабраных калекцыях рукапісаў, дакументаў і архіўных матэрыялаў.

Аўтар навуковага абгрунтавання, ініцыятар надання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь музею «Фальварак Ракуцёўшчына» (1999) — філіялу Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Член Вучоных саветаў філалагічнага факультэта БДУ (2009—2011), факультэта выдавецкай справы і паліграфіі БДТУ (2011—2016), кафедр гуманітарных навук БДТУ (2011—2016), а таксама Навукова-метадычнага савета гуманітарных кафедр БДТУ (2011—2016).

Намеснік галоўнага рэдактара (на грамадскіх пачатках) часопіса «Труды БГТУ. Научный журнал. Серия 5. История, философия, филология» (2011—2016). Член рэдкалегіі навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» (з 2007 года).

Арганізатар навукова-практычных канферэнцый, культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (1993—2000), на кафедры беларускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (2011—2016). Прымаў удзел у арганізацыі навуковых канферэнцый на кафедры замежнай літаратуры і кафедры славянскіх літаратур БДУ (1993—2007). Удзельнік навуковых канферэнцый, арганізаваных навукова-даследчымі, адукацыйнымі, культурна-асветнымі ўстановамі Літвы, Кітая, Кубы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Чэхіі і іншых краін.

Аўтар навуковай канцэпцыі, экспазіцыйнага рашэння кабінета-музея беларускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2004).

Навуковы рэдактар, складальнік (разам з І. Саламевічам), адзін з аўтараў энцыклапедыі «Максім Багдановіч» (2011).

Аўтар 7 манаграфій, 5 вучэбных дапаможнікаў для ВНУ, звыш 500 артыкулаў у айчынных і замежных навуковых, навукова-папулярных, метадычных выданнях.

Манаграфія Міколы Труса «Янка Купала ў Славакіі» (2012) стала факталагічнай асновай міжнароднага навуковага, культурна-асветніцкага праекта «Славацкімі шляхамі Янкі Купалы» (Беларусь — Славакія, 2015).

Манаграфіі:

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Выпускнікі БДУ
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Выкладчыкі БДУ
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1969 годзе
Катэгорыя·Супрацоўнікі часопіса «Полымя»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слонімскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 снежня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Выкладчыкі БДТУ
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта