Мікалай Дарагастайскі (Аляхновіч; каля 1530 — 28 студзеня 1597) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч.
Паходзіў са шляхецкага роду Дарагастайскіх герба «Ляліва», сын Мікалая Пятровіча Аляхновіча (Кухмістровіча).
Вялікі стольнік літоўскі (з 1566), ваявода полацкі (з 1576); староста ваўкавыскі (з 1576) і лепельскі (з 1577). Быў таксама цівуном гандынскім (з 1566), дзяржаўцам вялёнскім, шарашоўскім (з 1574) і бейсаголаўскім.
Удзельнічаў у рэдагаванні Статута Вялікага Княства Літоўскага (1566), у падрыхтоўцы Люблінскай уніі (1569). Браў удзел у Інфлянцкай вайне (1558—1582), заняў Невель (1580), вызначыўся пры адваёве Полацка, за што Стэфан Баторый прызначыў яго камендантам полацкага замка.
«Попіс войска літоўскага 1567 года» адлюстроўвае наступныя ўладанні Мікалая Дарагастайскага:
«Месяца октебра 13 дня. Пан Миколай Дорогостайский, столник господарский, ставил почту з ыменей своих — з ыменья Ошменского, Войславенского и Жоснянского, в повете Ошменском лежачих, коней сем; з ыменья Новодворского, з ыменья Станковского в повете Менском лежащих, а к тым именьям данники Вирненские, и в Рогачове коней шесть; з ыменья Кортянского в земли Жомойтской коней десеть; з ыменья Гринковского в повете Упицком кони два; з ыменья Покгир в повете Виленском конь один. Всих коней оказал с повинности двацать осм; то есть по гусарску — с тар., древ., пнцр., при.; а особливе по казацку коней осм — з сагай., з рогати.. Всих коней тридцать шесть. Он же ставил драбов осмнадцать з ручни., з мечи, з секирки»[2].