Не блытаць з Мнаганожкі.
Мнаганожка, Папараць[1] (Polypodium) — род папарацей сямейства мнаганожкавых.
Шматгадовыя травяністыя эпіфітныя і наземныя расліны з доўгім галінастым карэнішчам, густа ўкрытым бурымі ланцэтнымі лускавінкамі. Скурыстае чаранковае лісце адыходзіць ад яго радамі (адсюль назва). Лісцевыя пласцінкі падоўжана-ланцэтныя, перыста-раздзельныя. Сорусы (кучкі спарангіяў) круглаватыя або авальныя, размешчаны пасярэдзіне ці па краі сегментаў ніжняга боку пласцінкі.
Налічваецца 75 відаў. Пашыраны ўсюды; на Беларусі мнаганожка звычайная, або папараць салодкая (Polypodium vulgare), папараць салодкая — від травяністых папарацей, які трапляецца невялікімі групамі па схілах грунтавых агаленняў берагоў рэк, азёр, радзей на пнях, паваленых дрэвах і інш.
Дэкаратыўныя, лекавыя, дубільныя расліны.