wd wp Пошук:

Мелатрон

Мелатрон M4000 на NAMM Show 2007

Мелатро́н (англ.: Mellotron) — клавішны музычны інструмент, які для кожнай клавішы мае магнітную галоўку і адрэзак магнітнай стужкі, што прайграваецца пры націсканні гэтай клавішы. На стужках звычайна запісаныя адпаведныя клавішам ноты, узятыя на розных акустычных інструментах (флейце, скрыпцы, трубе і іншых), але таксама гэта могуць быць рытмічныя ўзоры ці гукавыя спецэфекты.

Мелатрон быў створаны ў Бірмінгеме (Вялікабрытанія) на пачатку 1960-х гадоў у выніку перапрацоўкі чэмберлена (інструменту амерыканскай вытворчасці, што працаваў на вельмі падобным прынцыпе). Першыя мадэлі мелі 18 нязменных набораў стужак з працягласцю гучання прыкладна па 8 секунд; у найбольш пашыранай мадэлі M400 можна было ўсталяваць тры зменныя наборы гукаў. Мелатрон даваў магчымасць імітаваць гучанне аркестру ў студыйных умовах, таксама ствараць паліфанічныя мелодыі з электронна сінтэзаваных гукаў у час, калі існавалі толькі монафанічныя сінтэзатары.

Упершыню ўжыў мелатрон у гуказапісе гурт The Beatles у 1967 годзе. Пасля інструмент выкарыстоўвалі такія сусветна вядомыя гурты, як Moody Blues, The Rolling Stones, Led Zeppelin. Але найбольшую папулярнасць ён набыў у межах прагрэсіў-року — мелатрон стаў адным з асноўных інструментаў у гуртах Yes, King Crimson, Genesis, яго гучанне зрабілася неад’емнай прыкметай стылю.

Самым вялікім недахопам мелатронаў быў вельмі высокі кошт. Таксама яны былі прыдатныя толькі для працы ва ўмовах студыі — яны шмат важылі, пры транспартыроўцы галоўкі хутка разладжваліся, часта ірваліся магнітныя стужкі. У 80-х гадах на змену мелатрону прыйшлі больш танныя і мабільныя электронныя сэмплеры, аднак некаторыя музыкі дагэтуль ужываюць мелатрон, каб перадаць спецыфічную атмасферу прагрэсіў-року 70-х.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Электронныя музычныя інструменты