Медыцынская маска, таксама вядомая як хірургічная маска, працэдурная маска або проста маска для твару[1][2] — аднаразовы медыцынскі выраб, які закрывае рот і нос носьбіта, і які забяспечвае бар’ер для прамой перадачы інфекцыйных часціц ад носьбіта маскі да іншых людзей[3]. Таксама маска абараняе твар носьбіта ад буйных пырскаў[4].
Медыцынская маска бескарысная ў якасці абароны носьбіта ад удыхання бактэрыяльных і вірусных часціц. У якасці сродкаў індывідуальнай аховы ад небяспечных аэразоляў, у тым ліку бактэрый і вірусаў, павінны выкарыстоўвацца рэспіратары(англ.) бел..
Найпрасцейшая хірургічная маска ўяўляе сабой марлевую павязку, якая закрывае рот і нос. Марля выкарыстоўвалася доўгі час з-за таннасці і ўстойлівасці да аўтаклававання. Сучасныя хірургічныя маскі з’яўляюцца аднаразовымі і вырабляюцца з нятканых сінтэтычных матэрыялаў (спанбонда).
Сучасная маска, як правіла, складаецца з фільтруючага слоя, які размяшчаецца паміж двума вонкавымі слаямі (трохслойныя маскі), а таксама гнуткай алюмініевай устаўкі, якая забяспечвае прыляганне маскі па форме носа[3]. Можа ўтрымліваць дадатковыя элементы ў залежнасці ад прызначэння, напрыклад дадатковы ўнутраны пласт з гідрафобнага матэрыялу і экран для абароны ад трапляння біялагічных вадкасцей (чатырохслойныя маскі), або спецыяльную плёнку для аховы ад запацявання акуляраў. Маска замацоўваецца на твары за кошт эластычных вушных завес або завязак.
Прататыпам медыцынскай маскі можна лічыць дзюбападобную скураную маску чумнога доктара, якая з’явілася ў Сярэдневеччы ў Еўропе, пад час эпідэміі бубоннай чумы: дзюбу напаўнялі араматычнымі солямі, лекавымі травамі і часнаком, каб абараніць доктара ад моташлівага паху гніючай плоці, стварыць антыбактэрыяльнае асяроддзе ўнутры маскі, а адтуліны для вачэй закрывалі шклом.
У канцы XIX стагоддзя дактары Поль Бёржэр і Йохан Мікуліч-Радзецкі адначасова вынайшлі маскі, больш падобныя на сучасныя. Перадумовай паслужыла адкрыццё мікрабіёлага Карла Флюге, які знайшоў патагены ў сліне.
У канцы 1897 года Поль Бёржэр стаў карыстацца маскай з шасці слаёў кісяі, якая ўтрымлівалася павязкамі на носе, каб засцерагчыся ад кантакту са слінай пацыентаў, якая разляталася пры размове, кашлі і чханні. Назіранні ён праводзіў больш за год, за які колькасць інфекцый у хворых, з якімі лекары працавалі ў масках, паменшылася.
Ужо ў 1920-х гадах медыцынскія маскі сталі выкарыстоўвацца ў большасці аперацыйных еўрапейскіх краін. Яны таксама ўжываліся сярод грамадзян падчас эпідэміі «іспанкі» і Першай сусветнай вайны для аховы ад хімічнай зброі[5].
Простыя хірургічныя маскі абараняюць носьбітаў ад пападання вадкасцей у ротавую поласць і перашкаджаюць перадачы вадкасці ў арганізм ад носьбіта іншым, напрыклад, пацыенту. Яны таксама нагадваюць носьбітам, што нельга дакранацца да рота ці носа, бо ў адваротным выпадку можна занесці вірусы і бактэрыі пасля дакранання забруджанай паверхні. Яны таксама могуць знізіць распаўсюджванне інфекцыйных кропель вадкасці (якія пераносяць бактэрыі або вірусы), якія ўтвараюцца пры кашлі або чханні[6]. Але адначасова няма відавочных доказаў таго, што аднаразовыя маскі, якія насілі члены хірургічнай групы, знізілі б рызыку заражэння ран пад час чыстых хірургічных працэдур[7].
Медыцынскія маскі карыстаюцца шырокай папулярнасцю ў краінах Усходняй Азіі. Іх выкарыстоўваюць каб знізіць верагоднасць распаўсюджвання захворванняў, якія перадаюцца праз паветра. У Японіі і Тайвані звычайна можна пабачыць такія маскі пад час сезона грыпу, іх носяць як праяву ўвагі да іншых і сацыяльнай актыўнасці[8][9]. Медыцынскія маскі забяспечваюць пэўную ахову ад распаўсюджвання хвароб, а імправізаваныя маскі зніжаюць эфектыўнасць аховы ўдвая[10].
Хірургічныя маскі таксама можна выкарыстоўваць для ўтойвання асобы. Забаронена іх выкарыстанне ў амерыканскіх банках, крамах і г.д. Гэтая мера прынята з-за неднаразовага выкарыстання масак злачынцамі. На пратэстах у Ганконгу ў 2019—2020 гадах некаторыя ўдзельнікі акцый таксама насілі хірургічныя маскі, каб пазбегнуць раскрыцця асобы, і ўрад паспрабаваў забараніць такое выкарыстанне[11].
Было праведзена некалькі розных клінічных выпрабаванняў медыцынскіх масак у грамадскіх месцах і медыцынскіх установах. Пры правядзенні выпрабаванняў медыцынскіх масак у грамадскіх месцах, у васьмі з дзевяці выпадкаў маскі выкарыстоўваліся для аховы органаў дыхання здаровых людзей ад бактэрый і вірусаў, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. У выніку было выяўлена, што медыцынскія маскі могуць перашкаджаць заражэнню ў грамадскіх месцах пры ўмове ранняга выкарыстання[12].
Вынікі эпідэміялагічных даследаванняў, праведзеных сярод супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў не выявілі значных адрозненняў у захворванні медыцынскіх працаўнікоў, якія выкарыстоўвалі нізкаэфектыўная рэспіратары-паўмаскі і якія выкарыстоўвалі медыцынскія маскі ў падобных умовах[13][14][15][16].
Тым не менш, Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе выкарыстоўваць медыцынскія маскі для барацьбы з грыпам і вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі пры нізкай рызыцы заражэння, а ў сітуацыях высокай рызыкі заражэння, напрыклад пры туберкулёзе, рэкамендуецца выкарыстоўваць рэспіратары(англ.) бел.[17][18][19]. На агульную эфектыўнасць аховы таксама можа ўплываць выкананне правіл асабістай гігіены.