Макс Эрнст (ням.: Max Ernst; 2 красавіка 1891, Бруль, Германія — 1 красавіка 1976, Парыж) — нямецкі і французскі мастак, значная фігура ў сусветным авангардзе XX стагоддзя.
У 1909 пачаў вывучаць філасофію ў Боне, але кінуў універсітэт дзеля заняткаў мастацтвам. У 1913 пазнаёміўся з Апалінерам і Раберам Дэланэ, пераехаў у Парыж і пасяліўся на Манпарнас. У Першую сусветную вайну служыў у германскай арміі. У 1919 пазнаёміўся з Паўлем Клее, пачаў эксперыментаваць з рознымі матэрыяламі, тэхнікай калажу. У 1920 разам з Хансам Арпам заснаваў у Кёльне групу дада. У 1922 вярнуўся на Манпарнас.
З пачаткам Другой сусветнай вайны быў арыштаваны як падданы краіны-суперніка, але з дапамогай Пегі Гугенхайм у 1941 перабраўся ў ЗША. У 1942 ажаніўся з Пегі Гугенхайм. Меў цесныя зносіны з Марселем Дзюшанам і Маркам Шагалам, паўплываў на фарміраванне абстрактнага экспрэсіянізму ў амерыканскага жывапісу. У 1946 скасаваў шлюб з Пегі Гугенхайм і ажаніўся з мастачкай Даратэяй Танінг. У 1948 апублікаваў вялікае эсэ «Па той бок жывапісу».
У 1950 вярнуўся ў Францыю. У 1952 быў прыняты ў штукарскі «Калеж патафізікі». Жыў у Парыжы, удзельнічаў у венецыянскай Біенале 1954 года. У 1963 перасяліўся на паўднёва-ўсход Францыі, у Правансальскі гарадок Сеян (дэпартамент Вар). У 1975 вялікая рэтраспектыўная выстаўка Эрнста была разгорнута ў музеі Саламона Гугенхайма ў Нью-Ёрку і ў Нацыянальнай галерэі Гран-Пале ў Парыжы.
Пахаваны на парыжскіх могілках Пер-Лашэз.
У 2005 музей Эрнста адкрыты ў яго родным горадзе Бруль.