wd wp Пошук:

Май Брынг

Май Брынг (шведск.: Maj Bring, сапраўднае імя Эба Марыя Брынг (шведск.: Ebba Maria Bring; 29 жніўня 1880, Упсала — 5 снежня 1971, Стакгольм) — шведская мастачка, якая пісала партрэты і пейзажы ў стылі мадэрнізму. У канцы жыцця радыкальна змяніла стыль і пачала працаваць у тэхніцы калажа.

Біяграфія і творчасць

Эба Марыя Брынг нарадзілася ў 1880 годзе ва Упсале. Яе бацька, суддзя ў міравым судзе Упсалы, быў шырока адукаваным, начытаным і музычным чалавекам. Яго дачка таксама вучылася музыцы: яе навучала ігры на фартэпіяна Лотэн фон Фейлітцэн. Марыя ня раз гасцявала ў яе сям’і і пасябравала з яе дачкой Ганнай Каспарсан, якая ў далейшым таксама стала вядомай мастачкай[8].

У 1900 годзе Май Брынг, разам з стрыечнай сястрой Эльзай, паступіла ў Мастацкую школу Валанд (шведск.: Valand målarskola, цяпер Акадэмія Валанд) у Гётэбаргу[8]. Яе настаўнікам быў Карл Вільгельмсан. Дзяўчыне падабаліся настаўнік, яго манера выкладання і атмасфера ў школе, тым не менш ужо ў 1902 годзе яна паступіла ў больш прэстыжную Каралеўскую акадэмію мастацтваў у Стакгольме. Аднак яе неўзабаве расчараваў панавальны ў Акадэміі кансерватызм: так, мужчыны і жанчыны тут навучаліся асобна, тады як у Валанде практыкавалася сумеснае навучанне. У 1905 годзе Май Брынг вярнулася ў Гётэбарг, каб павучыцца там яшчэ семестр, а затым скончыла курс у Акадэміі[8].

У 1908 годзе Май Брынг адправілася ў Парыж, каб працягнуць сваю адукацыю. У 1910 годзе яна на працягу некалькіх месяцаў наведвала школу Анры Маціса, з якім пасля падтрымлівала сяброўскія адносіны[8].

У тым жа 1910 годзе Май Брынг вярнулася ў Швецыю і зняла кватэру ў Стакгольме, якая стала таксама яе майстэрняй. Яе сябры, у тым ліку мастачкі Молі Фаустман і Элен Тротцыг, прыходзілі туды працаваць; Карл Вільгельм, які жыў у той час у Стакгольме, таксама бываў у яе і працягваў даваць ёй парады[8]. У 1913 годзе яна, разам з сябрамі-мастакамі, арганізавала сумесную выставу работ, дзе прадставіла пейзажы і партрэты. Яе першая персанальная выстава адбылася ў 1930 годзе ў Стакгольме: на ёй экспанавалася каля 50 карцін і малюнкаў. Крытыка была як станоўчая, так і адмоўная, аднак мастачка хваравіта ўспрыняла вельмі негатыўны водгук Карла Апслунда з газеты Svenska Dagbladet. Наступная яе персанальная выстава адбылася толькі праз 23 гады. Тым часам Май Брынг адкрыла ўласную мастацкую школу, якой кіравала з 1930 па 1939 год, а ў 1949 годзе яна была абрана старшынёй Шведскай асацыяцыі мастачак і займала гэтую пасаду на працягу двух гадоў[8].

Па настойлівым парадам сяброў-мастакоў (у прыватнасці, Веры Нільсан) Май Брынг, ва ўзросце 73 гадоў, прыняла ўдзел у выставе ў Стакгольме. Яна была ўпэўненая, што ў апошні раз выстаўляе свае працы, аднак ужо ў наступным годзе прыняла ўдзел у выставе ў Норчэпінге[8].

Ва ўзросце 80 гадоў Май Брынг цалкам перамяніла свой мастацкі стыль[8]. Яе блізкая сяброўка Ганна Каспарсан, якая памерла ў 1961 годзе, пакінула ёй калекцыю бісеру і бліскавак, якія выкарыстоўвала ў сваёй працы з тканінамі. Гэты дар прыйшоўся дарэчы: Май Брынг пакутавала з-за праблем са зрокам, і ёй было цяжка маляваць. Таму яна пераключылася на новую тэхніку, ствараючы выявы з нарэзаных кавалачкаў каляровай паперы і прылепленага побач бісеру. Магчыма, на яе аказалі ўплыў калажы Маціса, якія яна магла бачыць, наведваючы яго ў 1950 годзе. У некаторых сваіх калажах Май Брынг выкарыстала біблейскія матывы. У 1960 годзе яна таксама апублікавала свае мемуары, поўныя гумару і драматызму[8].

У 1965 годзе Май Брынг прадставіла свае новыя працы на выставе ў Стакгольме. Крытыкі ўбачылі ў ёй арыгінальнага і самабытнага мастака; сама Май таксама радавалася атрыманьню новага стылю, у якім, па яе ўласных словах, знайшла сябе. Апошняя яе выстава адбылася ў Стакгольме ў 1969 годзе; мастачцы на той момант было амаль 90 гадоў[8].

Мастачка памерла ў 1971 годзе ў Стакгольме і была пахавана на сямейных могілках ва Упсале[8]. Яе працы знаходзяцца ў Нацыянальным музеі Швецыі, стакгольмскім Музеі сучаснага мастацтва, музеі Вальдемарсуддзе і іншых мастацкіх музеях Швецыі[9][10].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 18800829-0903 Bring, Ebba Maria // Swedish death index Праверана 20 красавіка 2018.
  2. 1 2 3 4 Uppsala domkyrkoförsamlings kyrkoarkiv, Födelse- och dopböcker, huvudserie, SE/ULA/11632/C a/12 (1878-1882), bildid: 80002728_00117 Праверана 3 чэрвеня 2019.
  3. 1 2 3 4 5 Ebba Maria (Maj) Bring Праверана 24 лютага 2020.
  4. 1 2 Bring, Ebba Maria Maj // https://www.svenskagravar.se/gravsatt/43970366Svenska gravar. Праверана 26 мая 2019.
  5. Bring, Ebba Maria Maj // https://www.svenskagravar.se/gravsatt/94332855Svenska gravar. Праверана 2 жніўня 2020.
  6. Maj Bring 1880–1971. KonstnärШведская царква. Праверана 3 чэрвеня 2019.
  7. artist list of the National Museum of Sweden — 2016.
  8. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Svenskt kvinnobiografiskt lexikon
  9. Svenska kyrkan
  10. Moderna Museet

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Швецыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1880 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на Старых могілках (Упсала)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мастакі Швецыі
Катэгорыя·Нарадзіліся 29 жніўня
Катэгорыя·Памерлі ў 1971 годзе
Катэгорыя·Памерлі 5 снежня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў камуне Стакгольм
Катэгорыя·Выпускнікі Каралеўскай акадэміі вольных мастацтваў (Швецыя)
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Мастакі XX стагоддзя
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў