Ліцві́навіцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Кармянскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 года вёска) Ліцвінавічы.
Утвораны 20 жніўня 1924 года ў складзе Кармянскага раёна Магілёўскай акругі БССР. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Кармянскім раёне БССР. З 20 лютага 1938 года ў складзе Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Руднянскага сельсавета[1]. З 25 снежня 1962 года сельсавет у складзе Рагачоўскага раёна, з 6 студзеня 1965 года — у складзе Чачэрскага раёна, з 30 ліпеня 1966 года — у складзе адноўленага Кармянскага раёна. 20 чэрвеня 1991 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Залатамінскага сельсавета, 1 снежня 2009 года — тэрыторыя скасаванага Акцяброўскага сельсавета (5 населеных пунктаў: вёскі Акцяброва, Косель, Косельскі Прудок, Курганне і пасёлак Забалацкае)[2]. 30 снежня 2009 года скасаваны вёскі Косель, Косельскі Прудок, Курганне і Салабута[3], 4 лютага 2011 года — вёскі Касцюкоўка і Лабыроўка[4], 3 лютага 2012 года — пасёлкі Забалацкае, Луначарскі і Первая Ступень[5], 26 мая 2015 года — пасёлак Мікольск[6].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года (20 населеных пунктаў) — 1335 чалавек[7], з іх 98,1 % — беларусы, 1,2 % — рускія, 0,3 % — украінцы[8].