wd wp Пошук:

Лідзія Койдула

Лі́дзія Ко́йдула (эст.: Lydia Koidula), сапраўднае імя Лідзія Эміліе Фларэнцінэ Я́нсен (эст.: Lydia Emilie Florentine Jannsen; 12 (24) снежня 1843, Вяндра, Пярнускі павет, Ліфляндская губерня — 30 ліпеня (11 жніўня) 1886, Кранштат, Расійская імперыя) — эстонская паэтэса, празаік, заснавальніца эстонскай драматургіі. Мянушку «Койдула» (эст.: «Золкавая») Лідзіі даў пісьменнік Карл Роберт Якабсан. Часта пісьменніцу называюць таксама «Койдулаўлік» — «Спявачка світання».

Біяграфія

Дачка журналіста і асветніка Іагана Вальдэмара Янсена, Лідзія са школьнай пары дапамагала бацьку ў выданні газеты «Пярнускі паштальён» (эст.: «Perno postimees») — рабіла пераклады, адаптавала мастацкія творы і да т. п. У той самы час напісаныя і ейныя першыя вершы, спярша нямецкай мовай.

Менавіта ў газетнай працы Койдула сустракалася са шматлікімі грамадскімі дзеячамі абуджанага ў сярэдзіне XIX стагоддзя нацыянальнага руху, пад іхнім уплывам зарадзіліся ейныя погляды і перакананні. У другой палове 1860-х Койдула стала папулярнай паэткай, аўтарам грамадскіх і патрыятычных твораў.

Узяўшы ў 1873 годзе шлюб з урачом Э. Міхельсонам, Койдула была вымушана жыць у Кранштаце, дзе яе муж служыў ваенным лекарам. І хоці Койдула часта наведвала Эстонію, усё ж балюча ўспрымала развітанне з радзімай. Яна заўчасна памерла ў Кранштаце праз хваробу малочнай залозы. На 60-я ўгодкі смерці яе прах быў перавезены ў Эстонію і перапахаваны на талінскіх могілках Мецакальмісту.

Творчасць

Мемарыяльны камень у гонар Лідзіі Койдулы ў роднай Вяндры
Помнік Лідзіі Койдуле ў Пярну (1929)

У гісторыі эстонскай літаратуры Койдула пакінула заўважны след найперш у паэзіі. Ейная патрыятычная лірыка апынулася ў найвышэйшай ступені актуальнай для абуджэння эстонскага народа, і Койдулу як выказніцу народных пачуццяў сталі называць «Салавей з берагоў Эмайыгі» (эст.: Emajõe ööbik) (так зваўся зборнік яе вершаў 1867 года). Большасць яе твораў носіць рамантычны характар: палкае спачуванне бедам і крыўдам эстонскага народа, любоў да радзімы і хаты, памкненне неяк дапамагчы сваім суайчыннікам і палегчыць іх лёс.

У кранштацкі перыяд у паэзіі Койдулы пераважаюць элегічныя вершы, прыродная і любоўная лірыка. Рупліва працуючы над тэхнікай вершу, яна пракладала дарогу паэтам наступных пакаленняў. Да асноўных пераваг паэзіі Койдулы адносяцца яскравасць і эмацыйнасць.

Койдула працавала і ў прозе, збольшага для газет — прыстасоўвала творы іншых аўтараў для эстонскага чытача, рабіла адвольныя пераклады.

Новае слова Койдула прамовіла і ў эстонскай драматургіі: першая камедыя «Пляменнік з Саарэмаа» (эст.: Saaremaa onupoeg, 1870) была напісаная па сюжэце нямецкага драматурга Т. Кернера, аднак ужо наступныя камедыі Койдулы былі цалкам аўтэнтычныя — «Сватушкі» (па-эстонску: Kosjakased або Maret ja Miina, 1870) і «Гэткі мульк, або Сто вак солі» (па-эстонску: Säärane mulk, 1872). З камедый Койдулы пачаў сваё існаванне эстонскі тэатр.

Памяць

Кароткае, пладавітае і поўнае драматызму жыццё Койдулы, яе папулярнасць сярод чытачоў свайго часу, яе месца ў эстонскім грамадстве, нязвыклае для жанчыны ў XIX стагоддзі, актыўны ўдзел ва ўсіх культурных пачынаннях паступова ператварылі імя Койдулы ў легенду. Ёй і яе сям’і прысвечаныя некалькі літаратурных твораў — «Гадзіна на крэсле, якое круціцца» Яана Кроса, «Гадзіна духаў на вуліцы Янсена» М. Унта, «Вірускі спявак і Койдула» А. Ундла-Пылдмяэ, «Той вясною ў Тарту» Т. Тувікесе і інш.; ёй прысвечаныя дзясяткі вершаў вядомых эстонскіх паэтаў; на словы яе вершаў складзена мноства песень.

У Пярну дзейнічае мемарыяльны музей і адкрыты помнік Койдуле. На сцяне хаты, дзе Лідзія Койдула жыла ў Кранштаце, усталяваная мемарыяльная дошка[3].

Цікавосткі

Silla otsad ühendatud,

Kandes ühte isamaad,

Tõe templiks pühendatud…

Nägu — millal tõeks saad?!

Эстонская 100-кронавая банкнота
Выява Лідзіі Койдулы
Радкі з вершу Лідзіі Койдулы

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Койдула Лидия // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  3. Койдула(Koidula) Лидия(Янзен Лидия Эмилие Флорентине) (руск.) . Праверана 24 лютага 2013.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пярнумаа
Катэгорыя·Памерлі ў Кранштаце
Катэгорыя·Паэтэсы
Катэгорыя·Эстонскамоўныя паэты
Катэгорыя·Памерлі ў 1886 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1843 годзе
Катэгорыя·Артыкулы з дубліраванымі параметрамі шаблонаў
Катэгорыя·Паэты Эстоніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Памерлі ад раку малочнай залозы
Катэгорыя·Пісьменнікі Эстоніі
Катэгорыя·Пахаваныя на Лясных могілках Таліна
Катэгорыя·Эстонскамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 снежня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без подпісу
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 11 жніўня