Лідзія Аляксандраўна Малчанава (15 ліпеня 1921, в. Бузанава, Кастрамская вобласць — 15 мая 2011, Мінск) — вучоны–этнограф, гісторык. Доктар гістарычных навук (1969).
Скончыла філалагічны факультэт Ленінградскага універсітэта (1944), аспірантуру Інстытута этнаграфіі АН СССР (1948, кіраўнік дысертацыі ― прафесар Д. К. Зяленін). З 1948 года старшы навуковы супрацоўнік сектара этнаграфіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, у 1957–1991 гадах старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі[1].
Сфера навуковых інтарэсаў — матэрыяльная культура беларусаў.
У 1969 годзе абараніла доктарскую дысертацыю «Производственная деятельность и материальная культура белорусского крестьянства XIX - начала XX в».
Значны ўклад даследчыца ўнесла ў вывучэнне гістарычна-этнаграфічнага раяніравання матэрыяльнай культуры беларусаў.
Па выніках шматгадовых палявых этнаграфічных даследаванняў Л. Малчанавай былі напісаны і апублікаваны шматлікія работы амаль па ўсіх аспектах гэтай часткі культуры: паселішчах і сядзібах, традыцыях харчавання і прадметах начыння, касцюму, сельскагаспадарчых прыладах працы.