Ляшчына, арэшнік[4] (Corylus) — род кветкавых раслін.
Аднадомныя лістападныя кусты, радзей дрэвы. Лісце простае, чаргаванае, чаранковае. Тычынкавыя кветкі ў павіслых каташках, песцікавыя — у двухкветкавых дыхазіях (развілінах), сабраных у галоўчатыя суквецці. Плод — аднанасенны дравяністы арэх.
Адрозніваецца каля 20 відаў. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўночнай Амерыкі. Культурныя формы (фундук) вырошчваюць 3—4 тыс. гадоў. На Беларусі ляшчына звычайная, або лясны арэх (Corylus avellana) расце ў падлеску і на ўзлесках шыракалістых і мяшаных лясоў.
Лекавыя і дэкаратыўныя расліны. У пладах да 70 % алею, які выкарыстоўваецца ў харчовай, кандытарскай, лакафарбавай і медыцынскай прамысловасці, з макухі робяць халву. Драўніна ідзе на дробныя вырабы. 3 кары атрымліваюць фарбавальныя і дубільныя рэчывы. 3 парасткаў плятуць мэблю і інш.