У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чаховіч. Лявон Рамуальдавіч Чаховіч, псеўд. Астоя (1841, Рачкаўшчына, Свянцянскі павет — 1913, Вільня) — удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, былы інжынер-падпаручнік рускай імператарскай арміі. Старэйшы брат Густава Чаховіча.
Нарадзіўся ў 1837 годзе ў Рачкаўшчыне пад Свянцянамі ў небагатым шматдзетным дваранскім родзе герба Астоя.
Скончыў Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча(руск.) бел., пасля чаго вучыўся ў Ваенна-інжынернай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. Уваходзіў у ваенна-рэвалюцыйную арганізацыю Серакоўскага-Дамброўскага ў Пецярбургу. У час вобыску ў адной з фотамайстэрань, дзе размножваліся антыўрадавыя заклікі, быў выяўлены здымак групы пецярбургскіх афіцэраў у паўстанцкіх скрутках-чамарках, сярод якіх быў і Лявон. З пачаткам паўстання пакінуў службу і далучыўся да паўстанцаў. У лесе ля Гервят (Астравеччына) стварыў атрад колькасцю 100 чалавек. Быў вядомы пад псеўданімам Астоя (як і брат Густаў). У атрадзе, аб’яднаным пад начальствам свайго брата Густава, заняў пасаду начальніка штаба. Таксама радавымі байцамі ў атрадзе былі і два іх брата — Цітус і малады гімназіст Андрэй.[1]
Спачатку ставілася мэта злучыцца з атрадам Яна Козела-Паклеўскага, але яго паражэнне парушыла гэтыя планы. Тым не менш, атрад Чаховічаў накіраваўся на поўдзень у Любанскія лясы і 5 чэрвеня 1863 досвіткам быў сустрэты карнікамі ва ўрочышчы Біты Лог каля вёскі Любкі.
У час адступлення Лявон Чаховіч, увайшоўшыў балоцісты лес разам з 300 байцамі, застаўся адсечаным ад галоўнай партыі атрада Густава Чаховіча. Не бачачы магчымасці злучыцца, пераходзіць на другі бераг ракі Нарач. Праследаваны атрадам капітана Юзэфовіча з Ашмян і атрадам з Вілейкі, вымушаны быў некалькі дзён укрывацца ў лясах Агінскага. Аднак выціснуты і адтуль, прабіраецца цераз раку Нарач і адступае ў вішнеўскія лясы.
Пазней Лявон Чаховіч з атрадам рушыў на поўнач — у кірунку Кабыльніка і Паставаў. Калі паўстанцы пераходзілі праз Паставы, на іх напала сялянская стража на чале з падафіцэрам Данілам Курылавым[2]. Паўстанцы, часта адстрэльваючыся, рушылі далей. У пагоні за атрадам 24 чэрвеня ў Паставы прыбывае атрад са Свянцян, у які ўваходзілі дзве роты пяхоты пад камандаваннем палкоўніка Розлача. Аднак, страціўшы след, вярнуліся ў Свянцяны. Паўстанцы прыбылі ў вёску Крапіўнікі Дзісненскага павета. Аднак 26 чэрвеня для іх пошуку з Дзісны выйшла карная экспедыцыя. Дзве роты пяхоты, адна пад камандаваннем падпалкоўніка Беляева, другая — капітана Міхайлоўскага, рознымі дарогамі пайшлі ў напрамку Крапіўнікаў, дзе дыслацыраваўся Леон Чаховіч. Ледзьве расейскія жаўнеры ўвайшлі ў крапіўніцкі лес, як сустрэліся з паўстанцамі. Леон Чаховіч, не бачачы магчымасці адступіць, прымае бой. Гэта бітва была кароткай і жорсткай. Тыя паўстанцы, якія не здолелі ўкрыцца, загінулі; 13 трапілі ў палон, у тым ліку сам Лявон Чаховіч[3].
Зняволены ў Дынабургскай крэпасці. У пакаянным лісце да царскіх улад пісаў[4]:
Горкі вопыт паказаў, што я і мае таварышы не вызваліцелі айчыны, а толькі мяцежнікі, якія паўсталі супраць законнай улады і замест урачыстых сустрэч ад свайго народа мы сустрэлі толькі праклёны і вымушаны былі хавацца ў лясах ад тых, за каго мы, па нашым разуменні, паўсталі. |
Быў асуджаны да катаргі. Пасля вызвалення, займаўся будаўнічымі падрадамі ў Іркуцку.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў 1913 годзе вярнуўся ў Вільню, дзе неўзабаве памёр.[5]