wd wp Пошук:

Леў Мікалаевіч Рымінскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Рымінскі. Леў Мікалаевіч Рымі́нскі (19 мая 1913, г. Зарасай, цяпер Літва — 3 снежня 1971) — савецкі архітэктар.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 19 мая 1913 года ў г. Зарасай у сям’і афіцэра царскай арміі. У сувязі са службай бацькі сям’і даводзілася шмат пераязджаць, а пасля яго смерці злучыцца з сям’ёй сваякоў. Стрыечная сястра Льва, вядомая кінаактрыса Таццяна Акунеўская(руск.) бел., з якой яны выраслі разам, успамінала пра яго так: «…Лёвушка быў самавітым, сарамлівым, марудлівым. Яго трэба было абараняць — пакуль ён паварочваўся, яму разбівалі нос»[1].

У Астахавых, знаёмых па Смаленску, Таццяна і Леў пазнаёміліся з архітэктарам Міхаілам Паруснікавым, які, убачыўшы ў хлопца здольнасць да лепкі і малявання, параіў паступаць у Маскоўскі архітэктурны інстытут, але спачатку пайсці працаваць памочнікам дзясятніка на будоўлю[1].

Вучыўся ў 19331938 гадах у Маскоўскім архітэктурным інстытуце[2]. Па начах разгружаў дровы[1].

Увесну 1938 года, быўшы студэнтам пятага курсу, Леў Мікалаевіч быў рэпрэсаваны за анекдот, расказаны ў інстытуцкай курыльні. Быў асуджаны за антысавецкую агітацыю і адпраўлены на пяць гадоў у лагер на Мядзведжай Гары ў Карэльскай АССР, дзе размяшчалася ўпраўленне Беламорканала. У сярэдзіне Вялікай Айчыннай вайны лагер перавялі ў Пячорлаг у Абезі (Комі АССР). Тут Рымінскі працаваў памочнікам прараба, будаваў дамы начальнікам, лазню, клуб. Таццяна Акунеўская, якая ўзімку 1939 года наведала брата ў Мядзвежагорску, пісала: «У вачах смутак, горкая ўсмешка і сівыя віскі, хоць яму толькі 24 гады!». Пасля заканчэння тэрміну у 1943 годзе яму, на падставе таго, што ідзе вайна, не далі дазволу на выезд з Абезі[1].

З лютага 1943 года працаваў мастаком у Тэатры Пячорскага чыгуначнага будаўніцтва. Адзін з вязняў абезскага лагера Ясны ўспамінаў: «Бракавала палатна, матэрыялу для дэкарацый, фарбаў. Але лагер не мог адняць густ у аднаго з таленавітых выпускнікоў Маскоўскага архітэктурнага інстытута Лёвы Рымінскага. Ён літаральна згаладаўся па творчай працы. Цудоўнае спалучэнне ўмоўнасці, часам гратэску, некалькі рэалістычных мазкоў — і лёгка, вытанчана ствараецца фон, на якім разгортваецца дзеянне». Рымінскі стварыў дэкарацыі да спектакля «Мадэмуазель Нітуш» Эрвэ, пастаўленаму ў 1945 г. Разам з мастаком Васілём Пракошавым ён афармляў канцэртныя праграмы і стаў ініцыятарам адкрыцця выстаўкі мастакоў у Абезі[1].

Улетку 1945 года ў Сыктыўкары адкрылася Рэспубліканская мастацкая выстаўка, на якой быў прадстаўлены і Л. М. Рымінскі. Сярод выстаўленых прац: «Партрэт маці», «Крыгаход на Усе», «Каля Абезі», «каля станцыі Уса», «Буравая свідравіна», а таксама пяць эскізаў да аперэты «Мадэмуазель Нітуш» і адзін да спектакля «Простая дзяўчына». Эцюд «Буравая свідравіна» быў перададзены ў Мастацкі музей Комі АССР, дзе захоўвацца дагэтуль[1].

Працаваў таксама ў гарадах Пожва Пермскай вобласці, Варкута Комі АССР[2].

У 1946 годзе пры садзейнічанні М. П. Паруснікава вярнуўся ў Маскву. У 1947 годзе па пратэкцыі таго ж Паруснікава, які з’яўляўся ў той час магістральным архітэктарам Мінска, пераведзены ў сталіцу Беларусі[1]. Увесну 1945 года пачалося ўзвядзенне будынка КДБ і тэатра (цяпер вядомы як клуб імя Дзяржынскага; арх. М. П. Паруснікаў і Г. П. Баданаў), але Паруснікаў заявіў тагачаснаму кіраўніцтву, што будынак немагчыма пабудаваць без архітэктара, які б увесь час курыраваў будоўлю, але ён можа прылятаць у Мінск не часцей, чым раз на месяц, і што ў яго такі архітэктар ёсць — адзін з яго найлепшых і ўлюблёных вучняў Леў Рымінскі, а на яго асуджанасць, у выглядзе выключэння, можна не зважаць[1].

Працаваў архітэктарам у Дзіпрагары. У 1947 годзе скончыў БПІ[2], паспяхова абараніўшы ў якасці дыпломнага праект аднаўлення галоўнага корпуса БПІ, які быў прыняты да будаўніцтва. Органамі дзяржбяспекі яму было адмоўлена ў мінскай прапісцы[1]. У 1949 годзе пераведзены ў Магілёў, галоўны архітэктар Магілёўскага філіяла інстытута «Белдзяржпраект»[2].

У 1953 годзе, пасля смерці Сталіна, перавёўся ў Мінск, дзе актыўна займаўся праектнай і навуковай дзейнасцю. Член Саюза архітэктараў СССР з 1953 года. Галоўны архітэктар праектаў інстытута «Белдзяржпраект»[1]. 14 лістапада 1955 года быў цалкам рэабілітаваны[1].

У 19581961 гадах галоўны архітэктар Інстытута будаўніцтва і архітэктуры АН Беларусі, з 1961 галоўны архітэктар інстытута «Белпрампраект», з 1963 выкладчык БПІ, дацэнт.

Творчасць

143-кватэрны дом па Першамайскай вуліцы, 12
Галоўны корпус БНТУ (былы БПІ) у Мінску.

Асноўныя работы: адміністрацыйны будынак (19391940, у сааўтарстве) і чыгуначны вакзал (19401941) у Мядзвежагорску, галоўны корпус Беларускага політэхнічнага інстытута (19461948), тыпавыя праекты жылых дамоў серый 1-414 (1955[3]), 434 (1957[3]), 1-433 (усе 19561957)[2], 53-кватэрны (1953) і 48-кватэрны (1957) жылыя дамы з буйных элементаў[3], санітарна-кантрольны пункт завода лічыльных машын (19651967), генеральная рэканструкцыя станкабудаўнічага завода імя С. М. Кірава (1963; усе ў сааўтарстве) у Мінску; жылыя 48-і 143-кватэрныя дамы (19511955) і праект рэканструкцыі цэнтра (1963, у сааўтарстве) у Магілёве; карпусы завода «Электрапрылада» ў Брэсце (19611962, у сааўтарстве); гасцініца ў Оршы (19551959); помнік Я. Купалу ў Радашковічах (1959)[2].

Узнагароды

1-я прэмія за помнік Я. Купалу ў Мінску (1957) і 2-я прэмія за помнік Героям Брэсцкай крэпасці (1956) на рэспубліканскіх конкурсах[3].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Чижик И. А., Рачкевич Т. Е. РЫМИНСКИЙ ЛЕВ НИКОЛАЕВИЧ — АРХИТЕКТОР, ХУДОЖНИК И ПЕДАГОГ.
  2. 1 2 3 4 5 6 Рымінскі Леў Мікалаевіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  3. 1 2 3 4 Рыминский Лев Николаевич // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др.. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1.(руск.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (26):
Катэгорыя·Памерлі 3 снежня
Катэгорыя·Супрацоўнікі Белдзяржпраекта
Катэгорыя·Нарадзіліся 19 мая
Катэгорыя·Архітэктары паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Зарасаі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Выпускнікі БНТУ
Катэгорыя·Архітэктары Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1913 годзе
Катэгорыя·Выкладчыкі БНТУ
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без партрэтаў
Катэгорыя·Рэабілітаваныя ў СССР
Катэгорыя·Архітэктары Магілёва
Катэгорыя·Памерлі ў 1971 годзе
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза архітэктараў
Катэгорыя·Архітэктары XX стагоддзя
Катэгорыя·Архітэктары Мінска
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Члены Саюза архітэктараў СССР
Катэгорыя·Архітэктары СССР
Катэгорыя·Выпускнікі МАРХІ
Катэгорыя·Супрацоўнікі Белпрампраекта
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Мастакі Расіі