Леанід Барысавіч Коган (руск.: Леонид Борисович Коган; 14 лістапада 1924, г. Екацярынаслаў, Украінская ССР — 17 снежня 1982) — расійскі скрыпач, педагог. Народны артыст СССР (1966).
Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1948, клас А. Ямпольскага), з 1952 выкладаў у ёй (з 1963 прафесар). З 1944 саліст Маскоўскай філармоніі.
Выступаў як саліст і ансамбліст. Рэпертуар уключаў скрыпічную музыку розных стыляў, эпох і народаў, ад манументальных твораў, што вымагаюць глыбіні інтэрпрэтатарскай канцэпцыі і шырыні музычнага мыслення, да мініяцюр, заснаваных на філіграннай апрацоўцы дэталей. Яго выкананне вылучалася рамантычнай узнёсласцю, эмацыянальнай насычанасцю, моцным тэмпераментам.