wd wp Пошук:

Лаўжы

Лаўжы — колішняя вёска ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці.

Гісторыя

Невялікая вёска Лаўжы складалася летам 1944 года з шасці сядзіб. Пасля вызвалення мясцовасці Чырвонай Арміяй асобныя аддзелы Арміі Краёвай пачалі ладзіць супраціў савецкім войскам. Жыхары вёскі забяспечвалі змагароў харчамі і размяшчалі іх у сховах на сваіх сядзі­бах. Падраздзяленні НКУС СССР асабліва жорстка распраўляліся з байцамі Арміі Краёвай.

Аддзел нкусаўцаў знайшоў змагароў зімой 1945 года і распачаў штурм вёскі ў ноч з 23 на 24 лютага. Большая частка байцоў Арміі Краёвай (каля пяцідзесяці асоб) загінула ў тым баі, колькасць ахвяр з боку НКУС невядомая. Былі забіты не менш за васямнаццаць жыхароў вёскі, сярод іх — уся сям’я Дзядулевічаў. Астатнія былі змушаны пакінуць свае дамы. Некаторых з іх НКУС адправіла ў лагеры ГУЛАГу за «падтрымку бандытаў», іншыя пера­сяліліся ў Польшчу альбо пасяліліся ў навакольных вёсках. Будынкі вёскі былі цалкам спалены, а мураваныя пабудовы пазней зраўняны з зямлёй.

Памяць

Памятная капліца ў напамін аб вёсцы Лаўжы (польск.: Ławże, Ławrze) і загінулых салдатах Арміі Краёвай знаходзіцца ля сучаснай беларуска-літоўскай мяжы. Яшчэ ў 1993 годзе па­водле пастановы ашмянскай раённай адміністрацыі і па ініцыятыве былых жыхароў быў усталяваны першы сці­плы памятны крыж з металу. Размеш­чаная на ім шыльда паведамляла на бе­ларускай мове аб лёсе жыхароў і вёскі. 23 ліпеня 1995 года яго змяніла невялікая капліца з цэглы. Яна была пабудавана дзякуючы высілкам польскай суполь­насці і былых жыхароў, якія эмігравалі ў Польшчу пасля 1945 года. Праект па­будовы быў створаны архітэктарам Г. Машкевічам. Чатырохметровая каплі­ца мае ў сярэдзіне фігуру смуткуючай Дзевы Марыі. Спераду на пастамен­це размешчана памятная шыльда чор­нага колеру. Унізе знаходзіцца крыж з выявай польскага гербавага арла. Неўзабаве пасля пабудовы капліцы быў усталяваны яшчэ адзін каменны крыж, на пастаменце якога пра падзеі нагад­вае надпіс на беларускай мове. Комп­лекс абгароджаны невысокім мурам з бутавага каменю.

Надпіс на польскай мове на капліцы:

W tym miejscu była wieś Lawrze. W nocy z 23 na 24 lutego 1945 roku została spacy kowana przez wojska NKWD. Zginęli mieszkańcy wsi Lawrze oraz stacjonujący Oddział Samoobrony AK. Cześć ich pamięci. Od rodaków

Пераклад  

У гэтым месцы была вёска Лаўжы. У ноч з 23 на 24 лютага 1945 года войскамі НКУС была знішчана. Былі забіты жыхары вёскі Лаўжы, а таксама знішчаны дыслакаваны аддзел Самаабароны Арміі Краёвай. Пашана іх памяці. Ад суайчыннікаў

Надпіс на беларускай мове на камяні:

Жыхарам вёскi Лаўжы, загiнуўшым у час баявых дзеянняў 23.2.1945 г.

Гісторыю расправы апісаў Зміцер Бартосік у кнізе «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2016).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Ашмянскага раёна
Катэгорыя·Зніклі ў 1945 годзе