У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мурашка. Ларыса Фёдараўна Мура́шка (нар. 17 мая 1951, Мінск) — беларускі кампазітар.
Скончыла ў 1975 годзе Беларускую кансерваторыю па класе П. Падкавырава. З 1977 года выкладае ў Беларускай акадэміі музыкі (з 1997 года дацэнт), у 1978—1988 гадах адначасова рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры Беларусі.
Член Беларускага саюза кампазітараў з 1979 года, член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1979 года, член Беларускага саюза музычных дзеячаў з 1991 года.
У яе творчасці пераважаюць камерна-інструментальныя і вакальныя жанры, музыка для дзяцей. Распрацоўвае розныя пласты нацыянальнага музычнага фальклору. Сярод твораў: кантата «Замчышча» на словы Я. Купалы, канцэрт для фартэпіяна з аркестрам (абодва 1975), «Званы Нямігі» для духавога аркестра (1995), санаты, сюіты, прэлюдыі і фугі для фартэпіяна, саната-імправізацыя ў трох медытацыях (1990) для цымбалаў; камерна-інструментальныя, у т.л. струнны квартэт (1979), «Драматычная паэма» для фагота і фартэпіяна (1993); цыкл «Жалейка» на словы Я. Купалы для хору a cappella, рамансы, песні, музыка да драматычных спектакляў.