У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шварц.
Ларан-Маіз Шварц (фр.: Laurent-Moïse Schwartz; 5 сакавіка 1915, Парыж, Францыя — 4 ліпеня 2002, там жа) — французскі матэматык, які ўнёс прыкметны ўклад у развіццё функцыянальнага аналізу, член групы Бурбакі, лаўрэат Філдсаўскай прэміі (1950).
Нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і з Эльзаса. Бацька — Анзельм Шварц (Anselme Schwartz, 1872—1957) — хірург, член Французскай акадэміі навук; маці — Клер Дэбрэ (1888—1972) — з эльзаскага равінскага роду Дэбрэ (фр.: famille Debré), з якога выйшлі палітычныя дзеячы і навукоўцы; дзядзька Шварца па матчынай лініі Рабер Дэбрэ быў навукоўцам-медыкам і педыятрам, стрыечны брат — першы прэм’ер-міністр французскай Пятай рэспублікі Мішэль Дэбрэ. Жанаты з дачкой Поля Леві. Дачка замужам за французскім фізікам Урыэлем Фрышам, які працуе ў Швейцарыі.
У 1934 годзе паступіў у Вышэйшую нармальную школу, у 1937 годзе быў прызваны ў армію. Падчас акупацыі Францыі нацыстамі хаваўся ад гестапа па падробленых дакументах. У 1943 годзе, тым не менш, абараніў дысертацыю ў Страсбургу. Пасля вайны быў прафесарам у Сарбоне і Політэхнічнай школе.
Асноўныя працы ў галіне функцыянальнага аналізу, асабліва тэорыі абагульненых функцый, за абагульненне вынікаў якой атрымаў у 1950 годзе Філдсаўскую прэмію (Шварц сутыкнуўся з істотнымі цяжкасцямі, калі амерыканскія ўлады з-за левых перакананняў матэматыка паспрабавалі не дапусціць яго ў краіну для атрымання ўзнагароды). Пазней Шварц узмацніў раней атрыманыя вынікі, даказаўшы (разам з Жанам Дзьёданэ) тэарэмы аб дваістасці ў прасторах Фрэшэ. Таксама важныя яго працы ў галіне тапалогіі і матэматычнай фізікі.
Сярод яго вучняў найбольш вядомы Аляксандр Гратэндык.
Таксама займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю, быў чалавекам левых поглядаў (у маладосці адносіў сябе да трацкістаў, у сталым узросце — да дэмакратычных сацыялістаў), выступаў супраць французскай і амерыканскай інтэрвенцыі ў В’етнаме, французскай інтэрвенцыі падчас алжырскай вайны і савецкай падчас афганскай вайны.