Не блытаць з Ладдзя «рух» з Ваўкавыска.
Ладдзя з Ваўкавыска — шахматная фігурка ладдзі (тура) XIII стагоддзя, знойдзеная ў Ваўкавыску. Захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.
Фігурка вышынёй 5,5 см выразана з касці у форме карабля на ножцы з прамавугольнай асновай. Ля бартоў пасярэдзіне стаяць два маладыя воіны. У іх грубаватыя рысы твараў, з-пад невялікіх круглых шапачак, якія нагадваюць сучасны берэт, на плечы звісаюць доўгія валасы. На бартах судна перад воінамі вісяць шчыты міндалепадобнай формы. Трэці воін прытуліўся на носе судна з двума шчытамі па баках і засяроджана глядзіць уперад. Частка вырабу пашкоджана, таму выява чацвёртага воіна не захавался, уцалеў толькі шчыт. Гэта шахматная фігурка памерамі і многімі дэталямі блізкая да каменнай ладдзі з Гродна.