Лагазі́нскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — вёска Лагаза. Непасрэдна прымыкаў да раённага цэнтра Лагойска з паўночнага захаду.
Утвораны 24 мая 1960 года ў складзе Лагойскага раёна Мінскай вобласці БССР. У склад сельсавета ўключаны 28 населеных пунктаў: Малінаўка і Медухава — з адміністрацыйнага падпарадкавання Лагойскага пассавета; Кандратавічы, Лабуншчына і Чудзенічы — са складу Астрошыцкага сельсавета; Альхавец, Закрынічча, Прудзішча, Рэбрышча, Селішча, Сухая Гара, Сямкова і Тукалаўка — са складу Бяларуцкага сельсавета; Загор’е, Заельнік, Зялёны Сад, Лагаза, Новае Гарадзішча, Старое Гарадзішча і Сялец — са складу Гайненскага сельсавета; Беланы, Дабрэнева, Красны Бор, Кузевічы, Лагаза I, Лагаза II, Новае Жыццё, Сураеўшчына — са складу скасаванага Кузевіцкага сельсавета[1]. 28 ліпеня 1966 года ў склад Астрошыцкага сельсавета перададзены 4 населеныя пункты (Кандратавічы, Лабуншчына, Рэбрышча і Чудзенічы), у склад Бяларуцкага сельсавета — 6 населеных пунктаў (Альхавец, Закрынічча, Прудзішча, Сухая Гара, Сямкова і Тукалаўка)[2]. 28 мая 2013 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Гайненскага сельсавета[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года складала 1224 чалавекі[4], з іх 95,8 % — беларусы, 3,0 % — рускія[5].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 13 населеных пунктаў: Беланы, Дабрэнева, Зялёны Сад, Кузевічы, Лагаза, Малінаўка, Медухава, Новае Гарадзішча, Новае Жыццё, Селішча, Старое Гарадзішча, Сыраеўшчына і Сялец. На тэрыторыі сельсавета знаходзіліся прадпрыемствы «Гайна» і «Беланы».